Паштоўкі з беларускімі мясцінамі ў Вільні
Аўтар праекта, журналіст, гісторык і краязнаўца Віктар Корбут прадставіў у Варшаве серыю першых паштовак з выявамі віленскіх будынкаў, у якіх жылі і дзейнічалі такія беларускія знакамітыя постаці, як Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Янка Купала ды іншыя.
Як сцвярджае сам Віктар Корбут, Вільня аб’ядноўвае розныя народы, але перш за ўсё яна важная для беларусаў:
– Шмат у якіх будынках вядомыя беларусы сустракаліся з вядомымі літоўцамі. Напрыклад, у літоўскую кнігарню на вуліцы Дамінікона 11 завітвалі Янка Купала і вядомы літоўскі мастак Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс. І мне здаецца, што гэта варта таго, каб з’явілася прыгожая мемарыяльная шыльда з профілямі Купалы і Чурлёніса. І гэта будзе сюрпрызам для тысяч, мільёнаў людзей.
Журналіст і гісторык Віктар Корбут кажа, што паштоўкі з’яўляюцца толькі анонсам. У будучыні ён плануе выдаць кнігу з матэрыяламі пра беларускую гісторыю Вільні.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтаркі