«Бардаўская восень» у Орлі і Беластоку
«Бардаўская восень» збірае прыхільнікаў у Беластоку. 27 кастрычніка ў Падляшскай оперы і філармоніі пройдзе галоўны канцэрт фестывалю, які, паводле арганізатараў, ужо ў наступным годзе мае вярнуцца ў Бельск Падляшскі і ў свой звычайны фармат.
У суботу адзін з канцэртаў прайшоў у Орлі, дзе выступіў Сяргей Башлыкевіч, а што чакае наведнікаў у нядзелю, расказвае старшыня цэнтра «Шчыты» Лукаш Леанюк:
– У нядзелю ў 15 гадзінаў зайграе Сяргей Башлыкевіч, Яўген Барышнікаў, ILO&friends і Зміцер Вайцюшкевіч. Уваход будзе вольны, але трэба прыйсці ў касу Оперы і філармоніі. Можна ўжо гэта рабіць, можна таксама прыйсці перад канцэртам, перад 15 гадзінай у нядзелю, думаю, што будуць яшчэ квіткі.
Квіткі бясплатныя, але іх наяўнасць абавязковая. Фестываль «Бардаўская восень» праходзіць у 26-ы раз, сёлета ў скарочаным фармаце і без конкурснай часткі, што найперш звязана з будаўніцтвам новага Дома культуры ў Бельску Падляшскім. Арганізатар фестывалю – Звяз на карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры «Шчыты».
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя