Патокі нелегальных мігрантаў з Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму
Патокі нелегальных мігрантаў з Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму, заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце ў Вене на сустрэчы з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам.
Паводле слоў Шыманіце, беларускі рэжым нядаўна паабяцаў напоўніць Еўропу нелегаламі.
26 траўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, як сцвярджаецца, з асобнымі заявамі Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання. У прыватнасці было апублікаванае паведамленне з яго рэакцыяй на дзеянні Захаду: „Лукашэнка: мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — зараз будзеце самі іх есці і лавіць”.
Гэтыя паведамленні былі перадрукаваныя ў тэлеграм-канале аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Са спасылкай на яго адпаведныя навіны апублікавалі некаторыя расійскія і ўкраінскія СМІ. Прэс-служба Лукашэнкі ў расшыфроўцы выступлення на яго сайце такіх заяў не прыводзіць. Няма іх і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ.
На гэтым жа мерапрыемстве міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў: „Мы вымушаныя і будзем жорстка рэагаваць на любыя недружалюбныя крокі на наш адрас. Мы разглядаем магчымасць прыпынення ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях барацьбы з нелегальнай міграцыяй, аргзлачыннасцю, арганізацыі ядзернай бяспекі”.
Сітуацыя з міграцыяй заяўленая адной з тэм вялікай прэс-канферэнцыі, якую анансавала МЗС Беларусі на 14 чэрвеня.
Больш інтэнсіўны паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву паказвае, што супраць краіны распачатая гібрыдная вайна, але сітуацыя кіраваная, заявіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце 5 чэрвеня.
„Для аховы мяжы ў нас ёсць усе неабходныя сродкі, у гэта ўцягнутыя ўсе ведамствы, мы кіруем сітуацыяй. Калі сітуацыя будзе складанай, калі яна пагоршыцца, у нас ёсць план А, Б і В. Мы гатовыя да магчымых выклікаў”, — падкрэсліла міністр.
На сустрэчы з канцлерам Аўстрыі ў Вене кіраўнік літоўскага ўрада заявіла, што захоп самалёта Ryanair сведчыць аб ігнараванні беларускім рэжымам міжнародных нормаў. Шыманіце заклікала да найхутчэйшага ўвядзення Еўрасаюзам чацвёртага пакета санкцый і без прамаруджвання — пятага.
Себасцьян Курц падзякаваў Шыманіце за падтрымку беларускай апазіцыі. „Мы патрабуем свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў і неадкладнага вызвалення журналіста [Рамана Пратасевіча], затрыманага пасля прымусовай пасадкі самалёта”, — сказаў Курц. Ён заявіў аб падтрымцы новых санкцый супраць беларускіх уладаў.