Паўнамоцны амбасадар Беларусі з візітам на Беласточчыне
Культура беларусаў Падляшша з’яўляецца складнікам на які беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва звяртае асаблівую ўвагу.
На Беласточчыне з візітам знаходзіцца Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Рэспубліцы Польшча Уладзімір Чушаў. У суботу ён наведае ўрачыстасці з нагоды юбілею Ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, каб павіншаваць вучняў і настаўнікаў:
– Збіраюся я таксама і ўжо віншую загадзя і наш ліцэй у Гайнаўцы з 70-годдзем. У суботу планую там таксама ўдзельнічаць.
Ужо ў нядзелю ў Беластоку дыпламат Уладзімір Чушаў будзе прадстаўляць беларускую культуру разам з артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы, якія запрошаныя на тэатральны фестываль „Напрамак Усход”:
– Будзе тут у гасцях, а трошачкі ў гасцях, трошачкі ў сябе дома і наш Нацыянальны беларускі драматычны тэатр імя Янкі Купалы. Яго ачольвае зараз былы амбасадар Беларусі ў Польшчы спадар Павел Латушка, які потым працаваў і ў Францыі нашым амбасадарам, і ў ЮНЕСКА быў прадстаўніком і міністрам культуры. Зараз у рамках юбілею, будзе 100 гадоў тэатру ў наступным годзе, дасць наш знакаміты нацыянальны тэатр спектакль „Пінская шляхта”.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы наладжвае супрацоўніцтва з калегамі ў Польшчы. Адпаведныя перамовы вядуцца не толькі ў Беластоку, але таксама ў Любліне ды Бялай-Падляскай.
Беларускае Радыё Рацыя