Павел Адамовіч пасмяротна стаў ганаровым грамадзянінам Беластоку



У вялікай зале палацу Браніцкіх адбыліся ўрачыстасці з нагоды надання тытулу ганаровага грамадзяніна Беластоку забітаму прэзідэнту Гданьска Паўлу Адамовічу. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за сотню чалавек, сярод якіх сям’я Паўла Адамовіча, палітыкі і іншыя госці.

Кажа прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі:

– Павел Адамовіч быў выбітным кіраўніком, ён найбольшы тэрмін знаходзіўся на гэтай пасадзе з усіх тых вялікіх гарадоў  – каля 20 гадоў. Меў вялікую грамадскую падтрымку. Перадусім быў палякам, еўрапейцам, дэмакратам. Змагаўся, каб кожны чалавек адчуваў сябе роўным, вольным. Змагаўся за шматкультурнасць, і гэта яго збліжала з нашым горадам.

Перад публікай выступіла і жонка экс-прэзідэнта Гданьска, дэпутат Еўрапейскага парламенту Магдалена Адамовіч:

– Беласток вырашыў, што Павел мог бы быць прыкладам, аўтарытэтам, і што выконвае крытэрыі для таго, каб быць ганаровым грамадзянінам Беластоку. Гэта для мяне вельмі важна, і дзякуй усім за гэтую ініцыятыву і сённяшнюю ўрачыстасць.

Павел Адамовіч меў беларускія карані. Узнагароджаны папам Янам Паўлам II медалём «Крыж „За заслугі перад Царквой і Папам”» і прэзідэнтам Аляксандрам Кваснеўскім Крыжом Заслугі. Памёр ад атрыманых ран 14 студзеня 2019 у выніку нападу.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток.

Фота аўтара