Павел Баркоўскі: Мусім падтрымліваць беларускую ідэнтычнасць у беларускіх дзяцей
Ці ёсць запатрабаванасць на беларускую адукацыю за мяжой? Гаворка ідзе не толькі пра адукацыю для нацыянальнай меншасці, але найперш для дзяцей, чые бацькі былі вымушаныя ў апошнія гады пакінуць Беларусь. Якія ёсць магчымасці за мяжой падтрымліваць цікавасць да ўсяго беларускага – пра гэта мы паразмаўлялі з нашым сённяшнім госцем – філосафам, гасцявым прафесарам Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай Акадэміі Навук Паўлам Баркоўскім.
РР: Будзем гаварыць пра адукацыю ў нашай сітуацыі, беларускую адукацыю па-за межамі Беларусі. Гэта акурат адно з тых пытанняў, якімі вы актыўна займаецеся. Наколькі ўвогуле беларуская адукацыя ў эміграцыі магчымая?
Павел Баркоўскі: Гэта, канешне, няпростае пытанне, але тым не менш магчымае. Гэтае пытанне стаіць востра з пункту гледжання таго, ці можам мы стварыць за мяжой поўнавартасную беларускую школу. І тут хутчэй больш скепсісу, чым рэальнай магчымасці, таму што гэта патрабуе вельмі шмат сродкаў, рэсурсаў і досыць не зразумела, як гэта арганізаваць з пункту гледжання заканадаўства тых краін, у якіх мы зараз знаходзімся. Але, калі мы ставім за мэту пакуль што стварэнне не поўнавартасных беларускіх школ, а ставім пытанне падтрымкі беларускай ідэнтычнасці ў беларускіх дзяцей, то тады нашы магчымасці пашыраюцца. То бок, гэта не абавязкова тады думаць выключна пра поўнавартасную поўную беларускую школу, напрыклад, у Варшаве, ці Беластоку, ці ў нейкім іншым горадзе. Гэта можна думаць пра школы выходнага дня, альбо дадатковыя курсы з беларускім кампанентам, каб дзеці, якія ходзяць у мясцовыя польскія школы, маглі атрымаць адукацыю таксама часткова і на беларускай мове. Тое, што зараз ёсць пераважна для грамадзянаў Польшчы, беларускай меншасці. У іх ёсць гэтыя навучальныя магчымасці. Але калі казаць пра беларусаў эмігрантаў, якія маюць у лепшым выпадку толькі часовы побыт, то яны, канешне, пакуль не могуць карыстацца нават такімі інструментамі, і нам даводзіцца думаць, як арганізаваць гэтыя магчымасці для іх сёння.
РР: Але ёсць ужо паспяховыя прыклады падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці сярод дзяцей. У Варшаве, напрыклад.
Павел Баркоўскі: Так, безумоўна. Напрыклад, беларуская школа ў Варшаве стала працуе ўжо год, з мінулага верасня. Яна працуе ў двух фарматах – анлайн-школа і афлайн. Гэта значыць, што дзеці, якія жывуць у Варшаве, могуць наведваць школу па суботах і мець там заняткі як раз з беларускім кампанентам. Прычым заняткі там арганізаваныя ў вельмі добрай атмасферы. Там шмат творчых, развіваючых заняткаў. Дзіцячы тэатр. Спевы. Маляванне. То бок, усё тое, ва што бацькі і так гатовыя ахвяраваць і свой час і грошы, бо гэта працуе на развіццё саміх дзяцей. І мы спрабуем там гэта рабіць па-беларуску, для беларусаў, каб гуртаваць дзяцей ў супольнасць беларускую і з адпаведным разуменнем таго, хто яны ёсць і да якой культуры прыналежаць. Ёсць, канешне, і анлайн-праект для тых дзяцей, якія знаходзяцца па ўсім свеце і не маюць магчымасці далучацца да такіх мясцовых праектаў. І гэта, у прынцыпе, такая магчымасць. Канешне, яна не поўнавартасна замяняе нацыянальную школу, але тым не менш гэта добры праект, калі вы хочаце, каб вашыя дзеці не гублялі пачуцця прыналежнасці да беларускай супольнасці, калі вы хочаце, каб яны развіваліся і камунікавалі з дзецьмі, сваімі сучаснікамі, на беларускай мове, то гэта вельмі важныя праекты і праграмы, якія варта распаўсюджваць як найболей.
Цалкам размова:
Госцем Рацыі быў філосаф і выкладчык Павел Баркоўскі, з якім размаўляла Яна Запольская. А заўтра ў Беластоку пройдзе першы Міжнародны дзень беларускай адукацыі, на які запрашаюцца ўсе ахвотныя. Інфармацыя пра мерапрыемства ёсць на сайце нашага радыё рацыя-кропка-ком.
Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя