Павел Коваль: Патрэбна палітыка, якая дапамагла б Беларусі выпрастацца



У Вроцлаве працягваецца юбілейная канферэнцыя “Польская ўсходняя палітыка”. Адзін з ейных удзельнікаў – Павел Коваль – былы еўрадэпутат і дзяржаўны сакратар у польскім МЗС, доктар паліталогіі, кіраўнік краёвай рады партыі “Польшча Разам”. Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з палітыкам.

РР: Асноўнымі тэмамі сёлетняй канферэнцыі “Польская ўсходняя палітыка” сталі Расея і Украіна. Ваша дзейнасць цесна звязана з усходняй палітыкай Польшчы, якія найлепшыя дасягненні за апошні час Вы б маглі назваць?

Павел Коваль: Вядома, такія канферэнцыі спрыяюць крытыцы. Людзі з розных пазіцый спрабуюць паказаць, што можна зрабіць яшчэ і гэта, і тое. Але дзесьці ў канцы ёсць рэчы, якія зрабіць удалося. Напрыклад, я лічу, што адной з найважнейшых рэчаў, якія ўдалося зрабіць сёлета, гэта польска-ўкраінскі абмен моладдзю, на каторы ўрад прызначыў мільён еўра. Гэта нямала. Гэта выконвае пастулат, пра які я гавару напрацягу гадоў, і лічу яго за найважнейшы, калі ідзе гаворка пра ўсходнюю палітыку. То бок актыўны моладзевы абмен, які спрыяе на ўзаемныя знаёмствы, рэальна ўплывае на грамадства, знішчае пэўныя стэрэатыпы. Цешуся, што гэта ўдалося.

РР: Ужо больш як 1,5 гады маем расейска-ўкраінскі канфлікт. Прапуцінскія палітыкі, у т.л. у Еўрапейскім Парламенце гавораць, што гэта Еўразвяз, Захад дэстабілізаваў Украіну, і Пуцін невінаваты. Тое самае гаворыць расейскае тэлебачанне, якое глядзяць у Беларусі. Што б Вы маглі адказаць на такія закіды?

Павел Коваль: Мне падаецца, што сёння ўжо няма сур’ёзных назіральнікаў, якія б не ведалі пра сэнс палітыкі Пуціна. Гэта спроба такога хуткага аднаўлення імперыі, свайго роду Трэцяй Расейскай Імперыі, калі лічыць Імперыя Раманавых і Савецкі Саюз. Пуцін ужывае розны ўнутраны інструмент, а таксама інтэрвенцыі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, бо ён трактуе краіны, што паўсталі пасля распаду СССР, як частку сваёй уласнасці, таксама праводзіць інтэрвенцыю на Блізкім Усходзе, гэта, я лічу, асабліва негатыўна. Гэта паказвае, што Расея не проста вяртаецца да імперскай думкі, яна вяртаецца да імперскай палітыкі ў яе найгоршым выглядзе, вельмі агрэсіўнай палітыкі канца 1970-ых гадоў.

РР: Часта гаворыцца, што Польшча ў рамках Еўразвязу і НАТО з’яўляецца краінай, якая найбольш звяртае ўвагу Захаду на праблемы Усходняй Еўропы. Ці павінна Польшча яшчэ мацней заангажоўвацца ў гэтыя справы?

Павел Коваль: Польшча павінна праводзіць уласную палітыку. Апроч таго, што Польшча – частка Еўразвязу, што з’яўляецца ключавым для нашай бяспекі, Польшча павінна мець свае мэты, як сусед. Мы адзіная краіна Еўразвязу, якая адначасова мяжуе і з Расеяй, і з Украінай, з дзяржавамі, якія ў канфлікце. Мы мяжуем з Беларуссю, наша мяжа – гэта мяжа Еўразвязу для беларусаў. Таму нас нічога не звольніць з абавязкаў, якія вынікаюць з таго, дзе мы знаходзімся на мапе, а не з нейкага хоббі.

РР: Падчас канферэнцыі пра Беларусь амаль не гаварылі, хоць у гэтую нядзелю маюць адбыцца гэтак званыя “прэзідэнцкія выбары”. Як Вы думаеце, ці польская ўлада зменіць сваю пазіцыю да афіцыйных уладаў у Беларусі?

Павел Коваль: Думаю, што пазіцыя не зменіцца. У той жа ж час, ёсць чарговая спроба навязвання кантакту з Лукашэнкам, можа нават не столькі з Лукашэнкам, колькі з яго людзьмі. То бок, спроба ўплыву на гэты рэжым. Але гэта не азначае змены ацэнкі, ці генеральнай лініі. Гэта азначае, што там, дзе з’яўляецца магчымасць пра нешта дамовіцца, напрыклад, пра вызваленне палітычных вязняў, то палітыкі гэтым карыстаюцца. І добра.

РР: У рапарце праграмнага дырэктара канферэнцыі Адама Бальцэра напісана, што польскім палітыкам трэба зразумела задэклараваць, што яны не імкнуцца да якой-небудзь рэзкай змены ў Беларусі, трэба спрыяць навязвання дыялога “паміж уладамі і памяркоўнай апазіцыяй”. Ці Вы згодны з такім меркаваннем? Ці не можа гэта давесці да легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі?

Павел Коваль: Я лічу, што найлепшым метадам разбіцця рэжыму быў метад, якім карысталіся амерыканцы ў дачыненні да Ярузэльскага. То бок, крок па кроку. Канкрэтныя жэсты з боку Лукашэнкі павінны знаходзіць пазітыўныя адказы. Не павінна быць агульнага адказу, не павінна быць змены палітыкі, павінны быць працэс, які дапаможа Беларусі выпрастацца.

РР: Як цяпер польскія палітыкі ацэньваюць Лукашэнку – як самастойнага лідара, ці як хаўрусніка Пуціна, ад якога ён цалкам залежыць? Ці еўрапейскія палітыкі думаюць у такім ключы, што Лукашэнку можна перацягнуць на свой бок?

Павел Коваль: Думаю, што і так, і гэтак. Часам Лукашэнку трактуюць як частку сістэмы імперыі. А часам у іншых акалічнасцях, хоць гэта можа і дзіўна, – Лукашэнку трактуюць як гарантыю асобнасці, не скажу незалежнасці, але асобнасці Беларусі.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Вроцлаў.