Павел Латушка запрашае на канцэрт „Беласток сэрцам з Беларуссю”
„Беласток сэрцам з Беларуссю”. Павел Латушка запрашае на канцэрт, які пройдзе ў гэтую пятніцу ў Беластоку на пляцы Юзэфа Пілсудскага перад драматычным тэатрам.
– Я запрашаю ўсіх, хто можа прыйсці ў гэты вечар у Беластоку. Усіх беларусаў, якія пражываюць на Беласточчыне. Усіх палялкаў, якія падтрымліваюць у гэтыя цяжкія дні беларусаў у Беларусі. Для нас вельмі важнай з’яўляецца салідарнасць. Вельмі важна, каб мы ўсе разам сабраліся і падтрымалі адзін аднаго.
У лайнапе іпрэзы заяўленыя NAVIBAND, ILO&FRIENDS, DZIECIUKI, LAVON VOLSKI й ØRGANEK. Суарганізатарамі канцэрту выступае Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускі дом у Варшаве, фонд „Беларусь 2020”. Ганаровымі патронамі мерапрыемства сталі маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Кажа Радэк Пуська з фундацыі „Тутака”, які таксама сярод арганізатараў:
– Бачым, як абуджаецца, нараджаецца грамадства ў Беларусі. А з другога боку бачым, як улада пад кіраўніцтвам кіраўніка Беларусі ўжывае рэпрэсій – шмат людзей збітыя, катаваныя. На гэта не можа быць згоды з перспектывы польскага грамадства, з перспектывы горада, у якім мы жывём тут, на Падляшшы.
Канцэрт салідарнасці „Беласток сэрцам з Беларуссю” будзе транслявацца на хвалях БРР. Пачатак 18.00 паводле польскага часу, а 19-00 паводле беларускага.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя