Павел Шарамет: Чачэнскі след у забойстве Нямцова – абсурдны
За забойствам Барыса Нямцова стаіць чачэнская дыяспара. Пра гэта паведамляе расейскае выданне „Камсамольская праўда”. Паводле неназванай крыніцы ў расейскім ФСБ, на якую спасылаецца выданне, абвінавачаныя ў забойстве апазіцыйнага палітыка чачэнцы былі звязаныя з камандзірам батальёну імя Джахара Дудаева Адамам Асмаевым, які і з’яўляецца асноўным падазраваным. Гэта відавочная спроба вывесці следства па-за межы Расеі, а найлепш ва Украіну, – кажа галоўны рэдактар „Беларускага партызану” Павел Шарамет.
– Чачэнцы, які збеглі з Расеі, чачэнцы, якія ваююць ва Украіне на баку ўкраінскіх батальёнаў – 100% не датычныя да забойства Нямцова, больш таго, гэтыя чачэнцы заўсёды падтрымлівалі Нямцова, ён выклікаў у іх сімпатыю, таму што ён выступаў заўсёды паслядоўна супраць вайны ў Чачэніі. Таму гэтую гісторыю з чачэнцамі я дакладна лічу абсурднай і прапаноўваю яе сур’ёзна не разглядаць.
Пасля забойства Барыса Нямцова расейскія праваахоўнікі затрымалі і абвінавацілі ў забойстве чатырох супрацоўнікаў МУС з Чачні, сярод іх і Заур Дадаеў, які быў намеснікам камандзіра батальёна „Поўнач”, падначаленага Рамзану Кадыраву. Першапачаткова ўсе затрыманыя прызналі віну, цяпер ад сваіх паказанняў адмовіліся, спаслаўшыся на катаванні падчас затрымання.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя