Павел Станкевіч: Будзем і надалей разнастайваць «Бардаўскую восень»



Вечаровым канцэртам у Беластоку завяршыўся трохдзённы фестываль “Бардаўская восень”. Сёлета мерапрыемства завітала ў некалькі падляшскіх гарадоў і аб’яднала розныя кірункі: тэатр, літаратуру і музыку.

Вынікі фестывалю падводзіць старшыня фонду “Tutaka”, галоўны арганізатар мерапрыемства – Павел Станкевіч:

Мне фестываль спадабаўся, кажу шчыра. Вядома, што заўсёды можна штосьці лепш зрабіць, заўсёды па-іншаму і г.д. Але мне падаецца, гэтая невялікая змена, паўплывала на тое, як цяпер выглядае фестываль, і я чую водгукі гледачоў, што хіба гэта добры шлях. Напэўна знойдуцца і такія людзі, якія будуць казаць, што гэта зусім не так. Але я гатовы на такую крытыку. Мне падаецца, тое, што мы дадалі тэатр, дадало штосьці новага. Мы хочам паставіць такую кропку, што барды – гэта розныя жанры і бачу, што ў гэтым ёсць добрая думка. Спадзяюся, што ў наступным годзе ў нас атрымаецца дадаць рэп.

Журналіст і музыка Ігар Палынскі, для якога «Бардаўская восень» гэта далёка не чужы фестываль.

Так. Роўна 10 год таму мы акустычным складам нашага гурта прыехалі ў Бельск і выступалі там у конкурснай праграме. Мы патрапілі ў Польшчу, бо перамаглі ў інтэрнэт-адборы, які ладзіўся ў Беларусі. І такім чынам мы трапілі на гэтую сцэну, закіданую восеньскім лісцем. Упершыню тады я пакаштаваў польскага піва, пазнаёміўся з вялікай колькасцю класных людзей, крутых музыкантаў, з некаторымі я і сёння падтрымліваю кантакт.

Музыка Яўген Барышнікаў, пераможца «Бардаўскай восені» 2010 года і ўдзельнік сёлетняй.

«Бардаўская восень» і ў Бельску, і ў Беластоку… Пачуваюся як дома. Убачыць старых знаёмых, старых сяброў. Я доўгі час прыязджаў на Падляшша толькі на бардаў у гэтыя дні. І для мяне адчуванне, што Падляшша заўсёды такое – гэтае жоўтае лісце, восеньскія туманы. Год таму я ўпершыню пабачыў Беласток летам. А так ён заўсёды быў для мяне вось такі. Прыемныя ўспаміны. Прыемная атмасфера. Прыемныя людзі. Фестываль працягваецца і гэта вельмі добра.

Цалкам матэрыял:

“Бардаўская восень” абавязкова вернецца да нас у наступным годзе – запэўніваюць арганізатары і ўдзельнікі фестывалю.