Павел Станкевіч: Фэст „Тутака” рыхтуецца дзеля агульнабеларускай сустрэчы



14 і 15 ліпеня ў Польшчы адбудзецца ўжо трэці фестываль “Тутака”. Што адметнага чакае гасцей імпрэзы сёлета? Якія вядомыя артысты завітаюць на падзею? Куды наогул развіваецца беларуска-польскі фестывальны рух?

Пра гэта і не толькі наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з Госцем Рацыі – арганізатарам фэсту, страшынёй фонду “Тутака” Паўлам Станкевічам.

РР: Што сёлета цікавага адбудзецца на фэсце «Тутака»?

Павел Станкевіч: Сёлета мы хочам, каб яшчэ больш было зразумела, што фэст рыхтуецца дзеля агульнабеларускай сустрэчы. Цяпер вельмі часта бывае складана вось так сустрэцца з сябрамі, з роднымі, ці ўвогуле пазнаць новых людзей. Таму што ўсе раскіданыя па розных кутах свету. І хочам, каб гэта было зразумела: вось тут, прынамсі раз у год, давайце проста сустрэнемся. Паглядзім адзін на аднаго. Паабдымаемся, правядзем супольна час, зробім, магчыма, нейкія падсумаванні таго, што ў кожнага адбылося. І па такіх вось прыватных справах, але таксама і па арганізацыйных. Таму хочам запрасіць розныя арганізацыі. Заўсёды ў нас былі такія намаганні, каб прыязджалі да нас арганізацыі, і калі ім цікава, даваць тут ім прастору, каб маглі данесці пра сябе, пра сваю дзейнасць, проста правесці інфармацыйнае мерапрыемства. То бок, паказаць сваю актыўнасць. І фестываль ёсць такой прасторай. Не буду казаць: а давайце аб’ядноўвацца. Справа не ў гэтым. Справа ў тым, каб паглядзець, хто стаіць побач, і ці ён можа быць на будучыню партнёрам. Зноў будзем ствараць розныя майстар-класы, каб было зразумела, што збіраемся не толькі таму, каб пасядзець і паслухаць музыкай, а таксама каб актыўна правесці час. Хочам таксама падцягваць нашых спартоўцаў. Можна нават арганізаваць чэмпіянат па футболу. Усе залежыць ад вас, нашыя дарагія ўдзельнікі. Шмат такіх розных актыўнасцяў плануем. І чакаем розных прапаноў.

Цалкам размова:

Фэст “Тутака” адбудзецца ва ўрочышчы Барык ля Гарадку. У 30 км ад Беластоку і ўсяго 20 – ад мяжы з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя