Павел Станкевіч: Хочам падтрымаць беларускую культуру



26 сакавіка ў анлайн-фармаце пройдзе канцэрт пад ганаровым патранатам маршалка Падляшскага ваяводства і прэзідэнта горада Беласток, прысвечаны Дню Волі ў Беларусі. Адным з суарганізатараў падзеі выступіў фонд “ТUTAKA”, які заснаваны ў Польшчы.

Напярэдадні святочнага анлайн-канцэрту мы задалі «Госцю Рацыі» – Паўлу Станкевічу – пытанні пра дзейнасць і далейшыя планы фонда “ТUTAKA”.

РР: Раскажыце, калі ласка, як і калі быў створаны фонд “ТUTAKA”?

Павел Станкевіч: Фонд быў створаны год таму ў лютым. Я, мой брат Пётр Станкевіч і Радаслаў Пуська паехалі на канцэрт у Менск. Там мы вырашылі стварыць гэты фонд. Пазней прыйшоў каронавірус і мы „праспалі” некалькі месяцаў. Але калі 9 жніўня ў Беларусі адбыліся гэтыя падзеі, мы давялі справу да канца і пачалі працаваць на карысць беларускай меншасці. І на карысць беларускай рэвалюцыі.

РР: Якія асноўныя кірункі дзейнасці вашага фонду?

Павел Станкевіч: Асноўны кірунак фонда, напэўна, размаўляць пра тое, што тут, на Падляшшы, ёсць тыя, каго можна назваць аўтахтонамі, або нацыянальнай беларускай меншасцю. І мы хочам падтрымаць беларускую культуру і намагацца, каб беларуская культура тут, на Падляшшы, не знікла. Але таксама ў звязку з тым, што зараз адбываецца ў Беларусі, дзе беларусы змагаюцца за сваю свабоду, мы хочам падтрымаць іх як сябры сяброў.

РР: Прывядзіце, калі ласка, прыклад культурніцкага праекту, які вы можаце падтрымаць ужо зараз.

Павел Станкевіч: Напрыклад, 26 сакавіка, пасля Дня Волі, мы рыхтуем канцэрт, на жаль, толькі анлайн-канцэрт. Але ён будзе накіраваны на падтрымку барацьбы ў Беларусі. Але таксама і для падтрымкі нас на Падляшшы, таму што мы заўсёды Дзень Волі святкавалі.

РР: Раскажыце пра тыя праекты, якія вы ўжо рэалізавалі і лічыце найбольш паспяховымі тут, на Падляшшы.

Павел Станкевіч: Раней мы зрабілі канцэрт «Сэрцам з Беларуссю», які адбыўся некалькі месяцаў таму. І на гэтым канцэрце выступіў і Лявон Вольскі, і Naviband, і гурт «Дзецюкі» з Гародні, і наш беларускі гурт з Падляшша ILO & friends. Таксама мы хочам рабіць відэасюжэты на нашым Ютуб-канале, з размовамі пра беларускую культуру і гісторыю на Падляшшы. Таму мы супрацоўнічаем з Kamunikat.org і Беларускім гістарычным таварыствам, якое ўзначальвае наш вядомы гісторык Алег Латышонак. І на нашым канале можна паглядзець відэа, напрыклад, пра Студзеньскае паўстанне ці пра Тадэвуша Касцюшку. Бо мы хочам паказаць супольную гісторыю беларусаў і палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў, бо нам трэба думаць пра нашую супольную будучыню.

РР: А ці могуць да вас звяртацца жыхары Беларусі, якія хочуць рэалізаваць культурніцкі праект на Беларусі, але не маюць для гэтага сродкаў?

Павел Станкевіч: Так, мы хочам дапамагчы ўсім, хто хоча рабіць культурніцкія праекты. У нас таксама грошай не хапае, але заўсёды можна падумаць, дзе іх знайсці. Таму мы хочам рабіць праекты не толькі на Падляшшы ці ў Польшчы, але і Беларусі.

РР: Як ваш фонд рыхтуецца да Нацыянальнага перапісу насельніцтва, які хутка пачнецца ў Польшчы? І ці будзеце вы спрыяць таму, каб беларусы запісваліся менавіта як беларусы?

Павел Станкевіч: Так, я хачу стварыць профіль на фэйсбуку, на якім будзе ўся інфармацыя, як ажыццяўляць перапіс, і будзем размаўляць пра тое, што варта запісацца беларусамі. Мы – грамадзяне Польскай дзяржавы, але не трэба забывацца, што мы – этнічныя беларусы, і гэта важная рэч. І нам, беларусам, варта разам трымацца.

РР: Раскажыце, як ваш фонд будзе святкаваць сёлета Дзень Волі?

Павел Станкевіч: Разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары ў Беластоку будзем святкаваць афіцыйна. Ускладзём кветкі да важных для нас мясцінаў. Таксама будзем рабіць пікет-эстафету перад консульствам Беларусі, каб паказаць жыхарам Беластока, што на другім баку мяжы адбываюцца страшныя рэчы, бо людзі хочуць жыць у свабоднай краіне. А 26 сакавіка будзе святочны анлайн-канцэрт, на які вас шчыра запрашаю! Таксама яго можна будзе паглядзець на «Краіне для жыцця», таму што яна з’яўляецца нашым партнёрам.

РР: Вашы пажаданні ўсім беларусам напярэдадні 25 Сакавіка.

Павел Станкевіч: Дарагія беларусы! Усе бачаць, што вы сапраўды цудоўныя. Таму я вам жадаю, каб мы хутка сустрэліся ў вольнай Беларусі! 

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток