Павел Станкевіч пра дзейнасць фонду Tutaka
Фонд Tutaka, які паспяхова дзейнічае ўжо некалькіх гадоў, атрымаў ганаровую адзнаку прэзідэнта горада Беластока „Urbi Meritus – За заслугі для горада”. Але сябрам фонду няма часу святкаваць, яны актыўна рыхтуюцца да чарговага вялікага мерапрыемства – Фестывалю Абуджаных Tutaka 2023.
Пра гэта ды іншае пагаворым з „Госцем Рацыі” – кіраўніком фонду Tutaka Паўлам Станкевічам.
РР: Днямі фонд Tutaka і ты асабіста атрымаў гэту ганаровую ўзнагароду, ганаровую адзнаку прэзідэнта горада Беласток „Urbi Meritus – За заслугі для горада”. Адбылося гэта падчас дзён горада Беласток. Важная ўзнагарода?
– Так. Мне падаецца, што важная. Калі горад адзначае арганізацыю, якая займаецца беларускай культурай, то гэта азначае, што горад успрымае нас, як частку гэтай культурніцкай прасторы. Дадаткова гледзячы на тое, што Падляшша ці Беласток з’яўляецца такім шматкультурным, але часам гэта такія пустыя словы. Мы намагаемся вяртаць гэтае разуменне разнастайнасці. Гэта важная ўзнагарода. Дакладна прыемна, калі хтосьці кажа „Ок. Вы малайцы”.
РР: Некалькі словаў пра бліжэйшыя планы. Толькі што завяршыўся фестываль SONCAHRAJ, арганізаваны фондам Tutaka. Наперадзе вялікі фестываль Tutaka 14-15-га ліпеня. Пра які асобна будзем гаварыць. Яшчэ ёсць Арт-рэзідэнцыя „Дом Творцаў”, якую таксама плануеце арганізаваць. Калі можна некалькі словаў пра гэты напрамак дзейнасці.
– Так, мы ў такой супрацы з Сяржуком Доўгушавым, які стварыў „Дом творцаў”, як праект. Стварыў такую рэзідэнцыю ў Варшаве. Гэта вельмі такі паспяховы праект. Дзесьці ў працягу размоў і такіх узаемных жаданняў мы вызначылі, што беларускія мастакі ці ўвогуле артысты, павінны прысутнічаць на Падляшшы. Ці гэта дакладна будзе ў Беластоку, ці гэта будзе агулам на Падляшшы, мы гэта вырашаем. Мне падаецца, што беларуская культура, калі яна ў эміграцыі, то тут на Падляшшы не зусім эміграцыя. Калі беларускія артысты хочуць развівацца, то класна было, каб развіваліся ў такім натуральным асяроддзі. Дзякуючы гэтаму яны могуць развівацца. Арт-рэзідэнцыі накіраваныя на рэпрэсаваных рэжымам. Адначасова працуюць на сваё развіццё, могуць таксама ўкладаць свае цаглінкі на развіццё беларускай культуры тут, на Падляшшы, на падтрымку гэтай культуры. Мне падаецца, што часам можна Падляшшам карыстацца, як гэтым прыкладам, як пазней працаваць з супольнасцю ў Беларусі. Я проста ніколі не аддзяляю мастака ад супольнасці. Кожны мастак нясе нейкую грамадскую адказнасць. Мне падаецца, што вельмі часта праз мастацтва, праз культуру, такі наш напрамак, можна ўплываць на грамадства, развіваць грамадства, тлумачыць шмат што. Вельмі часта гэтыя тлумачэнні, гэтыя праблемы з’яўляюцца супольнымі на Падляшшы ці ў самой Беларусі.
РР: Будзе магчымасць і пра гэтыя праблемы ў тым ліку гаварыць і на самім фестывалі Tutaka, да якога ўжо некалькі тыдняў застаецца. Будзе шмат дыскусійных пляцовак.
– Дыскусіі, якія з’явіліся з самага пачатку ў 2021 годзе, упісаліся ў праграму фестывалю. Нягледзячы на тое, што лес, паляна, адпачынак, не спрыяе дыскусіям, можа дзякуючы гэтаму дыскусіі могуць выглядаць крыху па-іншаму, чым на сур’ёзных канферэнцыях. Можа ў нефармальнай атмасферы ўдасца дайсці да цікавых думак. Я думаю, што гэтыя дыскусіі не будуць для смеху, яны на сур’ёзныя тэмы, вядома з’явіцца і палітыка. У гэтым годзе першы раз хочам зрабіць дыскусію пра беларускі бізнес, пра мясцовы бізнес, пра бізнес, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Будзе спадар Кныровіч, якія сярод іншага выкажа сваё меркаванне. Хочам праз нашых удзельнікаў дыскусіі паказаць, які розны досвед у беларускага бізнесу ў Польшчы. Ёсць людзі, якія тут жывуць і вядуць бізнес больш за 20-ць гадоў, а ёсць людзі, якія толькі рэлакаваліся, або яшчэ думаюць наконт рэлакацыі. Пытанне да горада ці ўвогуле да Падляшскага ваяводства, класна было б падумаць пра тое, каб прыцягнуць гэты беларускі бізнес. Самае апошняе даследаванне паказала, што беларускія інвестыцыі, я кажу пра бізнес, які не мае сувязяў з рэжымам, беларускі бізнес уклаў больш грошай у Польшчы, чым бізнес з ЗША. Мне падаецца, што гэта вельмі важны фактар. Таксама гэты бізнес павінен прысутнічаць на Падляшшы. Вядома, напрыклад, што IT гэта не важна, каб гэта быў велізарны горад, трэба памятаць, што Беласток адна з дванаццаці метраполій у Польшчы. Дакладна будзем ладзіць дыскусіі пра культуру, пра мастацтва. Гэта ўсе тэмы, якімі павінна жыць беларускае грамадства.
Беларускае Радыё Рацыя