Павел Станкевіч пра „Фестываль абуджаных беларусаў. Tutaka”
Шматлікія беларусы па абодва бакі польска-беларускай мяжы губляліся ў здагадках, ці фестываль Басовішча, які спыніў сваё існаванне два гады таму, будзе праводзіцца ў іншым фармаце, ці арганізатары перадумаюць і аднак зноўку можна будзе сустрэцца пад сцэнай у Барыку? У гэтым годзе фонд Tutaka пры падтрымцы іншых ініцыятыўных асоб плануе арганізаваць першы „Фестываль абуджаных. Tutaka”.
„Госць Рацыі” старшыня фонду Tutaka Павел Станкевіч.
РР: Якая галоўная мэта фестывалю?
– На гэты фестываль ускладаецца некалькі рэчаў. Адна з першых, гэта год пасля жніўня, таму нам трэба гэта падкрэсліць, што ўжо год беларусы змагаюцца за сваю свабоду. Другая рэч, гэта тое, што амаль у гэты час пройдзе „Славянскі базар”. Гэта таксама варта адзначыць, што ёсць альтэрнатывы. Трэцяя рэч, гэта падняць спадчыну фестывалю „Басовішча”. Гэта вельмі важнае мерапрыемства для беларусаў Падляшша, а таксама для беларусаў з Беларусі, якія сюды прыязджалі. Яны маглі пабачыць, як выглядае дэмакратычная дзяржава, якая дае свабоду думкам і чынам. Чацвёртая рэч, з пачатку ліпеня будзе міжнародны тыдзень беларускай культуры. Ён рыхтуецца беларускім фондам культурнай салідарнасці, таксама пры нашай падтрымцы. Гэты тыдзень будзе не толькі ў Польшчы, ён будзе міжнародны. Хочам далучыцца да польскай часткі і каб фестываль быў grand finale. Хочам, каб усе беларусы маглі аб’яднацца, зразумець, што мы адна нацыя. І не важна ці мы з Падляшша ці мы Палесся, мы проста беларусы – выдатны народ.
РР: Каго плануеце запрасіць да супрацы?
– Такі корань фонду, акрамя мяне, мой брат Пятро Станкевіч, а таксма Радэк Пусько. Далучаюцца таксама іншыя дзеячы беларускай культуры. Напрыклад вельмі дапамагае Зміцер Косцін, які далучыўся да каманды. Таксама Лукаш Леанюк нам дапамагае, у камандзе Ілона Карпюк. Лічу, што іншыя дзеячы, якія раней рабілі фестывалі „Басовішча”, таксама будуць да нас далучацца і будуць нам дапамагаць. Я хацеў бы, каб гэты фестываль не быў фестывалем, які ладзіць адзін фонд. Я хачу стварыць на гэтым фестывалі такую прастору, каб іншыя арганізацыі меншасці ці дыяспарныя, якія зараз у Польшчы вельмі шмат працуюць. Я б хацеў іх усіх паказаць. Думаем таксама стварыць такую фестывальную прастору, дзіцячы садок, каб было такое месца, куды можа прыйсці дзіцё. Там будуць спектаклі на беларускай мове ды іншыя заняткі, якія ўжо рыхтуе фонд Oni – To My. Думаем, што таксама будзе магчымай, будзе час на тое, каб проста паразмаўляць з людзьмі.
РР: Калі плануеце праводзіць фестываль? У якім фармаце?
– Плануем, што фестываль, як і „Басовішча”, будзе праходзіць на працягу двух дзён 6-7 жніўня. Пазней будзе інфармацыя, таксама перад фестывалем будзе прэс-канферэнцыя. Вядома, што на жаль мяжа закрыта, але шмат беларусаў і беларускіх артыстаў збегла з Беларусі. Я хацеў бы, каб яны да нас далучыліся. Пакуль не хачу ўсяго казаць, хто будзе, але веру, што гэта будуць выдатныя мастакі беларускай культуры. Не толькі музыкі, але магчыма і тэатралы ды іншыя. Таксама веру, што нашыя падляшскія беларусы возьмуць удзел у фестывалі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
„Фестываль абуджаных беларусаў. Tutaka” Пройдзе ў Барыку 6-7 жніўня. Фонд Tutaka запрашае да супрацы розныя беларускія арганізацыі ды ўсіх, хто зацікаўлены ў стварэнні мерапрыемства, а таксама шукае спонсараў.
Беларускае Радыё Рацыя