Павел Станкевіч: Трэба гучна казаць, што мы – беларусы
Памятаць пра тое, што мы – беларусы, заклікаюць сябры фундацыі “Тутака”. З нагоды перапісу насельніцтва, які праходзіць у Польшчы з 1 красавіка па 30 верасня, “Тутака” праводзіць акцыю “Я Беларус”, у межах якой на сваёй старонцы ў фейсбуку выстаўляе кароткія відэа з выказваннямі асоб розных узростаў і прафесій. Іх яднае прыналежнасць да беларускай нацыянальнасці.
Кажа старшыня фундацыі Павел Станкевіч:
– Не трэба саромецца таго, што мы – беларусы, а трэба проста гучна пра гэта казаць, таму што наша культура прыгожая і наша нацыя таксама прыгожая. Таму мы робім вельмі кароткія фільмы, на якіх чалавек кажа, як яго завуць, чым займаецца ў жыцці і чаму падчас перапісу ён хоча запісацца беларусам.
Павел Станкевіч падзяліўся і іншымі планамі фундацыі “Тутака”, сярод якіх – новы беларускі фестываль на Падляшшы:
– Хочам падняць спадчыну, якая нам засталася пасля фестывалю “Басовішча”. Але трэба нам думаць пра іншы фармат. Крыху шырэй нам трэба глядзець на беларускую культуру, не толькі праз фармат музыкі, а ўвогуле паглядзець на нас не як на частку падляшскай культуры, але як на частку беларускай культуры і культуры, якая ёсць спадчынай Вялікага Княства Літоўскага.
Калі дазволіць сітуацыя, а гэта найперш эпідэмічныя абмежаванні, то новы фестываль сябры фундацыі “Тутака” плануюць арганізаваць ужо сёлета.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя