Пазітыўныя ўражанні ад сустрэчы з Хадановічам у Беластоку



Смех і песні гучалі ў склепе з культурай аб’яднання бацькоў у карысць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову АББА ў Беластоку. На сустрэчу ў межах дыскусійнага клуба “Пагаворым пра” прыехалі беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч і перакладчыца і выкладчыца Марына Шода. Сярод прысутных было шмат дзяцей, таму паэт найперш звярнуўся менавіта да іх, прэзентуючы сваю новую кнігу вершаў “Нататкі таткі”.

Як расказвае настаўніца беларускай мовы з пачатковай школы №4 у Беластоку Аліна Ваўранюк, ідэя запрашэння ўзнікла з допісу ў фейсбуку, дзе Хадановіч напісаў пра сваю кнігу для дзяцей:

Я проста напісала ў каментары, што добра было б, каб і ў нас гэтую кніжку пабачылі, а Хадановіч адказаў, што мы можам і прыехаць. Шчыра сказаўшы, я ў час сутрэчы стаяла як зачараваная, і зразумела ўсё тое, што раней чула пра Хадановіча. І ён, і Марына Шода вельмі цікава расказваюць. Вельмі цікавая сустрэча, калі слухаеш, што Хадановіч гаворыць, як ён спявае, і які ён чалавек. Для мяне гэта адна з найважнейшых культурніцкіх сустрэч, магу смела сказаць, на працягу пару апошніх гадоў. А тым больш прыемна, што гэта наш беларускі паэт, пясняр, бо так пра яго можна сказаць. Я зачараваня яго „Мурамі”.

Андрэй Хадановіч:

Уражанні надзвычай пазітыўныя, яно і складана, і радасна, калі і сталыя слухачы, і дзеткі. Ты стаіш і не ведаеш у прынцыпе, як паводзіць сябе, што чытаць: дзіцячыя вершы, дарослыя, на якія тэмы размаўляць. Але неяк само сабой складаецца, і ты выкручваешся, і атрымліваецца добра. Можа яшчэ таму, што быў вядучы цудоўны Мікола Ваўранюк, а можа таму, што побач была жонка Марына Шода.

Таксама ў межах сустрэчы гаварылі пра пераклады на беларускую мову, Андрэй Хадановіч прадставіў свой варыянт перакладу знакамітай песні польскага барда Яцка Качмарэка “Муры”, якая ў свой час была неафіцыйным гімнам “Салідарнасці”. Марына Шода, між іншым, распавяла пра выбітнага перакладчыка Васіля Сёмуху, з якім яе лёс знітаваў незвычайным чынам, і якога назвала сваім настаўнікам у перакладах. Прыемным момантам сустрэчы стала і выкананне вядомага „Вожыка-патрыёта”, калі Хадановічу падпявалі і дзеці, і дарослыя з залі. Пасля сустрэчы ахвотныя маглі набыць кнігі з аўтографам аўтара.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

[Not a valid template]

Фота аўтара