„Пазнай Польшчу” – навучальныя аб’езды па Верхняй Сілезіі
У межах праграмы „Study Tours to Poland” у Верхнюю Сілезію прыехалі студэнты з Беларусі, Украіны і Малдовы. Цягам 12 дзён яны знаёмяцца з рэгіёнам, сустракаюцца з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання, польскіх арганізацый ды адукацыйных устаноў.
Томаш Данды з Фонда развіцця Свентахлавіцаў кажа, што мэтай арганізацыі такіх візітаў з’яўляецца жаданне паказаць студэнтам, як функцыянуюць інстытуты самакіравання ў Польшчы, і якім чынам вырашаюцца лакальныя праблемы:
– Мэтай візіту перадусім з’яўляецца жаданне паказаць, як дзейнічае самакіраванне, якім чынам мы вырашаем розныя лакальныя праблемы, а таксама як выглядае наша няўрадавая дзейнасць. У Свентахлавіцах мы з’яўляемся лакальным аператарам, у іншых гарадах Польшчы таксама ёсць няўрадавыя арганізацыі, якія рэалізуюць праграму „Study Tours to Poland”, яе галоўны офіс знаходзіцца ў Варшаве. У Варшаве ёсць арганізацыя „Kolegium Europy Wschodniej”, якая з’яўляецца адной з галоўных арганізатараў па ўсёй краіне, а ў Ольштыне ёсць арганізацыя „Borussia”.
Студэнтка з Менску Караліна Комар увесну падала заяўку на праграму „Study Tours to Poland”, патрапіла на яе прайшоўшы конкурс. Кажа, што ўражанні ад візіту самыя добрыя, шмат сустрэчаў адбылося на высокім узроўні:
– Візіт разлічаны на 12 дзён, з гэтых 12 дзён 2 дні мы правялі ў Кракаве, а астатнія праводзім у Катавіцах і прылеглых мясцінах. Праграма вельмі насычаная і вельмі цікавая, тым больш яна вельмі разнастайная. У нас кожны дзень адбываецца мноства культурных візітаў – наведванне гарадоў і г.д. Таксама былі больш-менш арыентаваныя візіты ў мэрыі, разнастайныя эканамічныя, установы самакіравання, адукацыі, дзе размаўлялі з найбольш аўтарытэтнымі прадстаўнікамі гэтых інстытутаў.
Беларусам варта ўдзельнічаць у такіх праектах, кажа яшчэ адна ўдзельніца Яна Шчэрбіна:
– Беларусам трэба глядзець, як уладкоўваюцца нейкія грамадскія ўстановы ў іншых краінах таму, што ў нас развіццё адбываецца не так хутка, як хацелася б. Нам трэба глядзець на прыклады іншых краін і браць самае лепшае і выкарыстоўваць у нашай краіне.
Патрапіць на праграму „Study Tours to Poland” можа кожны студэнт, які мае ад 18-ці – да 21-го года. Рабочая мова праграмы – расейская.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя