Перадкалядная акцыя салідарнасці з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам



Cёння, 23 снежня, ў 18.00 на плошчы ля помніка Ежы Папялушку ў Беластоку адбудзецца акцыя салідарнасці з арыштаванымі прадстаўнікамі польскай меншасці ў Беларусі – старшынёй Саюза палякаў Анжалікай Борыс і журналістам Анджэем Пачобутам.

Арганізатары акцыі: Саюз палякаў Беларусі і Падляшскае аддзяленне Згуртавання «Wspólnota Polska». Гэтым разам гэта будзе сустрэча пад назвай «Калядка для Анжалікі і Анджэя».

Кажа адна з арганізатараў Марыя Цішкоўская:

Акцыя будзе адмысловая. Бо хутка свята Божага Нараджэння. Акцыя будзе прысвечана напісанню паштовак і пісьмаў са святочнымі пажаданнямі. Калі атрымаецца, то і заспяваем для іх калядкі.

На жаль, сёлета яны не змогуць атрымаць асалоду ад Добрай Навіны ў сваім сямейным коле. Разам будзем спяваць калядныя песні і такім чынам выказваем сваю падтрымку зняволеным і іх сем’ям, дадае Марыя Цішкоўская, якая адзначае, што дагэтуль таксама ідзе акцыя па падпісанні паштовак з пажаданнямі для Борыс і Пачобут. Іх сабрана ўжо каля паўсотні.

– Перадусім словы падтрымкі. Каб трымаліся, каб былі здаровымі, што мы разам з вамі, што не забываем. Ведаем, што яны таксама памятаюць і думаюць пра нас, і ведаюць, што мы помнім і думаем пра іх. Таму, напэўна, будуць у думках пасылаць нам пажаданні.

Лідары беларускіх палякаў ужо дзевяць месяцаў знаходзяцца пад вартай па падазрэнні ў «рэабілітацыі нацызму». Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя