Перадвыбарчая актыўнасць у Гарадку



Гміна Гарадок – адна з найбольшых паводле плошчы на Беласточчыне, і прылягае да польска-беларускай мяжы ў раёне памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца. Гэта накладае свой адбітак на жыццё насельніцтва. Цяпер у гмінным цэнтры актыўна ідзе рамонт дарог і ходнікаў, што ацанілі і многія мясцовыя жыхары:

– Я ацэньваю добра, вельмі добра, войт робіць усё, што ў меры яго магчымасцяў. Ён хіба ўжо трэці тэрмін, але я лічу, што вельмі добра.

– Напрацягу двух тэрмінаў на выбарах войта ў Гарадку не было канкурэнцыі. Я так падумаў, што калі будзе супернік, то будзе бачна, што ў Гарадку нешта дзеецца. Цяпер дарогу рамантуюць, паркоўкі робяць, ходнікі робяць.

– Перад выбарамі ўсе нешта робяць, а пазней будзе цішыня.

Войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша:

– Рэалізавалі задачы запланаваныя ў разліку на еўразвязаўскія сродкі, і гэта вельмі важна. Перадусім гэта дарогі, пытанні аховы навакольнага асяроддзя, каналізацыя і г.д.

Гміна Гарадок таксама актыўна развівае турыстыку. Што тычыцца дзвюхмоўных, польска-беларускіх назваў мясцовасцяў, на што гміна мае заканадаўчае права з улікам пражывання тут значнай колькасці беларусаў, то паводле войта Веслава Кулешы, такой ініцыятывы пакуль не паступала. Выбары ў органы мясцовага самакіравання ў Польшчы пройдуць 16-га лістапада.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя