Перадвыбарчы Чарнігаў
Калі ў вашым двары з’явіліся незнаёмыя маладзёны, якія ветліва цікавяцца вашымі праблемамі і абяцаюць усё выправіць цягам тыдня;
Калі ў вашую паштовую скрыню штодня кідаюць кілаграмы глянцаваных плакатаў з невядомымі дагэтуль тварамі і лагатыпамі такіх жа невядомых палітычных партый;
Калі па мясцовых медыа нетутэйшыя дзядзькі і цёткі паліваюць адзін аднога брудам і нават кідаюцца адзін на аднаго з кулакамі;
Калі па вуліцах ад рана да рана ездзяць аўтамашыны з гучнамоўнікамі, якія механічнымі галасамі заклікаюць уратаваць Радзіму…
Значыцца, у вашым горадзе неўзабаве адбудуцца выбары.
Так, прынамсі, прынята ва Украіне.
На выбарах у Вярхоўную Раду, якія адбываюцца ў памежным з Беларуссю горадзе Чарнігаве, палітыкі ўжо апробвалі ўсе магчымыя метады. Галоўных кандыдатаў двое. Генадзю Корбану, бізнес-партнёру днепрапятроўскага алігарха Ігара Каламойскага супрацьстаіць Сяргей Беразенка, былы паплечнік кіўскага алігарха Леаніда Чарнавецкага, а цяпер – стаўленік праўладнай “Партыі Пятра Парашэнкі”.
Генадзь Корбан, лідар створанай “пад выбары” партыі “Укроп”, у адкрытую падкупае электарат “прадуктовымі наборамі”. Проста на вуліцах стаяць намёты, дзе чарнігаўцам прапануецца пакет з грэчкай, крупой, сардзінамі і мукою.
Сяргей Беразенка задзейнічаў больш прагрэсіўную перадвыбарчую тэхналогію – у Чарнігаве з’явіліся “агітацыйныя аўтобусы”, у якіх усмешлівыя маладыя людзі прапануюць гараджанам “сацыяльную дамову”: абяцанку прагаласаваць за Беразенку ў абмен на канверт з 400 грыўнямі (крыху больш за 18 даляраў).
Астатнія кандыдаты не маюць ані фінансавай падтрымкі Каламойскага, ані адміністрацыйнага рэсурсу дзейснага прэзідэнта, і таму ўсур’ёз разглядаць іх не варта.
Выбары маюць адбыцца 26 ліпеня, і пакуль невядома, хто пераможа ў гэтым “сумленным канкурэнтным змаганні”.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя, Чарнігаў
Фота аўтара