„Пераможцы і пераможаныя – паўсядзённасць вязняў савецкіх лагераў”



“Пераможцы і пераможаныя – паўсядзённасць вязняў савецкіх лагераў “ – пад такім загалоўкам у Беластоку адбылася навуковая канферэнцыя з удзелам гісторыкаў з Польшчы і Расеі. Доктар Дарыюш Рогут з Інстытута нацыянальнай памяці ў Лодзі адзначае, што польскія  салдаты знаходзіліся ў савецкіх лагерах з яўным парушэннем міжнародных дагавораў:

– Статус палякаў, якія знаходзіліся ў лагерах пасля 1945 года, быў горшы, чым, напрыклад, немцаў. Палякі там не мелі права на карэспандэнцыю. А такое права мелі нямецкія вязні.

Іншы ўдзельнік канферэнцыі прафесар Аляксандр Рэпенецкі з Дзяржаўнага соцпедінстытута ў Самары лічыць, што ў дачыненні да палякаў не прымяняліся такія ж сродкі, як да ваеннапалонных немцаў:

– Нейкіх адмысловых адносін да палякаў у лагерах не было. Наадварот, да іх адносіліся лаяльна. З 22 чэрвеня 1941 года па 1956 год у лагерах загінула паўтара адсотка палякаў. Гэта ваеннапалонныя. Статыстыкі па ГУЛАГу, на жаль, няма. Самае балючае пытанне – гэта, канешне, Катынь. Зараз разыходжанні фактычна ліквідаваныя.

У Польшчы ўвайшоў  у жыццё закон аб забароне прапаганды камунізму і іншых таталітарных сістэм праз помнікі, абеліскі ці памятныя шыльды. У рамках гэтага закона ўсё помнікі салдатам чырвонай арміі, якія знаходзяцца па-за могілкамі, павінны быць ліквідаваныя. Прафесар  Аляксандр Рэпенецкі называе гэта  недружалюбным актам:

– Гэты працэс, калі ідзе вайна не з ідэямі, а з мёртвымі, канешне, цяжка ўспрымаецца грамадствам і мною, як гісторыкам і чалавекам.  І нам нават не важна, якой яны былі ідэалогіі. Яны ж аддалі сваё жыццё ў барацьбе з фашызмам.  І неяк вымяшчаць незадаволенасць тым, што было ў камуністычнай Польшчы на помніках, па-мойму, не той шлях, які вядзе да збліжэння народаў.

Заўтра гісторыкі прадоўжаць дыскусіі наконт савецкіх лагераў на канферэнцыі ў Лодзі.  Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляецца Інстытут нацыянальнай памяці , універсітэт Яна Каханоўскага ў Кельцах і “Ксёнжніца падляшская” ў Беластоку.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя