Перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863 года ў Вільні адбудзецца ў лістападзе
Цырымонія перапахавання парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў, знойдзеных на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні, адбудзецца ў лістападзе на віленскіх могілках Росы, паведамляе навінавы партал Delfi са спасылкай на балтыйскае інфармагенцтва BNS.
Віцэ-канцлер урада Літвы Дэйвідас Матулёніс заявіў BNS, што дакладная дата цырымоніі будзе залежаць ад ступені гатоўнасці капліцы на могілках Росы для перапахавання астанкаў. „Калі мы будзем бачыць, што ўсё па плане, зафіксуем дату, хутчэй за ўсё, у канцы кастрычніка або ў самым пачатку лістапада і пасля ўзгаднення з польскім бокам пачнем падрыхтоўку да цырымоніі”, — заявіў чыноўнік.
Матулёніс паведаміў, што прэзідэнт Гітанас Наўседа ўжо перадаў запрашэнне на цырымонію свайму польскаму калегу Анджэю Дуду, а таксама запрасіў на гэту падзею „ўрадавую дэлегацыю Беларусі”.
Разам з тым у прэс-службе Савета міністраў БелаПАН не змаглі пацвердзіць, што ўрад атрымаў запрашэнне на цырымонію перапахавання астанкаў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Інфармацыю па гэтым пытанні абяцалі ўдакладніць да канца працоўнага дня.
Чатыры магілы з астанкамі дваццаці паўстанцаў былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні восенню 2017 года. Дакладна вядома, што ў адной з іх знаходзіліся астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Гэта даказвае яго заручальны пярсцёнак, знойдзены ў пахаванні. Навукоўцы Віленскага ўніверсітэта таксама паведамілі аб атрыманні ўскосных пацвярджэнняў таго, што на гары Гедыміна знойдзеныя і астанкі кіраўніка легендарнага паўстання Кастуся Каліноўскага, але для поўнага доказу гіпотэзы патрэбныя генетычныя даследаванні.
Раней літоўскія СМІ паведамлялі, што надпісы на магілах будуць аформлены на польскай і літоўскай мовах. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю ў Менску. Прадстаўнікі беларускай грамадскасці звярнуліся да ўрада Літвы з просьбай зрабіць на помніках удзельнікам знакамітага паўстання ў Польшчы і Беларусі 1863—1864 гадоў надпісы ў тым ліку па-беларуску.
У сярэдзіне красавіка літоўскі міністр культуры Міндаўгас Квяткаўскас паведаміў журналістам у Вільні, што Літва плануе запрасіць на цырымонію перапахавання астанкаў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў кіраўніцтва Беларусі, Польшчы і Украіны. „Увосень плануецца арганізаваць цырымонію перапахавання, — заявіў літоўскі чыноўнік. — Будзе прапанаваны фармат на самым высокім узроўні з удзелам першых асоб Беларусі, Польшчы і Літвы — пра гэта гаварылася падчас пасяджэння літоўскай урадавай камісіі”.
„Таксама было вырашана, што імёны ўсіх паўстанцаў будуць напісаны на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, каб падкрэсліць важнасць гэтага паўстання для гэтых краін і гэтых нацый”, — дадаў Квяткаўскас.
Паводле яго слоў, дакладная дата цырымоніі пакуль не вызначана — усё будзе залежаць ад работ па абнаўленні капліцы на віленскіх могілках Расу, дзе перапахаваюць астанкі. Плануецца, што іх завершаць да верасня.
belapan.by