Перавозчык нелегальных мігрантаў трапіў у аварыю, уцякаючы ад памежнікаў



Сёмага лютага з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць 12 чалавек. Як паведамляе прэс-служба польскіх памежнікаў, сярод іх былі шасцёра грамадзян Ірака і трое грамадзян Емена. Таксама мінулай ноччу да мяжы падышла група з 30 чалавек. Пад раніцу дзевяць з іх паспрабавалі перасячы мяжу — іх затрымалі. Гэта былі восем грамадзян Егіпта і адзін сірыец. Польскія памежнікі падкрэсліваюць, што гэтыя людзі прыляцелі ў Беларусь з Расіі.

Таксама Памежная служба Польшчы паведамляе, што перавозчык нелегальных мігрантаў трапіў у аварыю, уцякаючы ад польскіх памежнікаў. Здарэнне адбылося 7 лютага. Грамадзянін Малдовы перавозіў у аўтамабілі еменцаў. Уцякаючы ад польскіх памежнікаў, ён урэзаўся ў прыдарожны крыж. Ніхто не пацярпеў. Сёлета польскія памежнікі затрымалі 29 чалавек, якія дапамагалі мігрантам нелегальна пераходзіць мяжу з Беларусі ў Польшчу.