Першая кніга прозы на падляшскай мове



Гэта, праўдападобна, першая кніжка прозы на падляшскай мове. У Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку адбылася прэзентацыя кніжкі Галіны Максымюк “Бельск, Кнаразы, Плёскі і іншыя вёскі. Падляшскія гісторыі, ілюстраваныя працамі Алега Кабзара” (Biêlśk, Knorozy, Ploski i inšy vjoski: Historyjki podlaskie ilustrowane malarstwem Olega Kobzara).

Аўтарка звыш дваццаці гадоў жыве ў Чэхіі, але ўспаміны пра сваё дзяцінства 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя напісала на гаворцы, якой карысталіся жыхары яе роднай вёскі Кнаразы і наогул Бельшчыны. Бо, як кажа аўтарка, напісаць успамінаў не магла яна на іншай, чым родная мова. У прэзентацыі кніжкі ўдзельнічалі таксама беларускі мастак Алег Кабзар, муж аўтаркі і адначасова рэдактар кніжкі Ян Максымюк – жуналіст, творца інтэрнэт-старонкі svoja.org. 

Думаю, гэта першая такая белетрыстычная кніжка: не фальклор, не паэзія, а проза, і я сказаў бы, што трошкі фікшн. Хоць і абапіраецца на ўспамінах з дзяцінства, усё ж яны крыху белетрызаваныя, трошкі праўдзівыя, трошкі не. Такія гісторыя паказваюць, што наша гаворка можа выконваць функцыі пісьмовай літаратурнай мовы не горш, чым літаратурная беларуская мова.

22 лютага сустрэцца з аўтаркай кніжкі “Бельск, Кнаразы, Плёскі і іншы вёскі” змогуць жыхары Бельска Падляшскага. Галіна Максымюк будзе героем сустрэчы “Твары вядомыя і невядомыя”, якую ладзіць Бельскі дом культуры.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі