Першая сустрэча працоўнай групы па праблемах беларускіх мігрантаў у Літве
У Вільні прайшла першая сустрэча працоўнай групы па пытаннях міграцыі і грамадскай бяспекі ў Літве. Рашэнне пра стварэнне групы было прынятае на сустрэчы лідаркі АПКБ Святланы Ціханоўскай з міністаркай унутраных справаў Літвы Агнэ Білатайтэ.
У склад працоўнай групы ўвайшлі прадстаўнікі Офіса Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, ініцыятываў ByPol, BYSOL, Беларускага дома правоў чалавека, а таксама прадстаўнікі МУС, МЗС і Дэпартамента міграцыі Літвы. Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя пытанні і праблемы беларусаў у Літве:
– легалізацыя з нядзейснымі або страчанымі пашпартамі;
– атрыманне дакументаў на дзяцей, якія нарадзіліся па-за межамі Беларусі і не маюць беларускіх пашпартоў;
– атрыманне нацыянальных візаў і працягненне відаў на жыхарства па гуманітарных падставах.
Бакі абмеркавалі варыянты вырашэнняў узнятых праблемаў і дамовіліся пра наступныя крокі. Працоўная група будзе праводзіць рэгулярныя сустрэчы, піша ТГ-канал Ціханоўскай.
Фота: tsikhanouskaya.org