Першыя хрэсьбіны па-беларуску ў Чарнігаве
Упершыню ў гісторыі сучаснага Чарнігава тут адбыліся хрэсьбіны цалкам на беларускай мове. У Кацярыненскай царкве хрысцілася Кацярына – маленькая жыхарка Рэчыцы.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Бацькі Кацярыны – карэнны жыхар Рэчыцы і жыхарка Шосткі, што ў Сумскай вобласці. Хроснымі бацькамі таксама сталі беларус і ўкраінка. Сам хрост праводзіў святар Кацярыненскай царквы Кіеўскага патрыярхату, пратаіерэй айцец Яўген (Орда) – нашчадак слыннага роду Ордаў, з якога паходзіць беларускі мастак, музыка і грамадскі дзеяч Напалеон Орда.
Са словаў бацькоў, яны абралі менавіта Украінскую праваслаўную царкву Кіеўскага патрыярхату з тае прычыны, што царква гэта не толькі патрыятычная для ўкраінцаў, але і з вялікай павагай ставіцца да прыхільнікаў беларускай незалежнасці і да беларускай культуры.
Паводле айца Яўгена, напярэдадні хросту ён дбайна вывучаў беларускі пераклад Святога пісьма, а таксама беларускія спевы і малітвы.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Чарнігаў
Фота аўтара
