Пешы пераход у Кузніцы ўлетку асабліва папулярны



Беларуска-польскую мяжу можна перасекчы цягніком, машынай, а ад некаторага часу і пешшу. Пешаходны пераход ў Кузніцы адкрыўся ячшэ ўзімку, але стаў асабліва папулярным ў летнія дні. Некаторыя частыя наведнікі памежнага пераходу ў Кузніцы поўнасцю адмовіліся ад сродкаў транспарту для таго, каб паехаць у Польшчу:

–     Тут ніхто нікога не трымае. Хутка, цягам 2 гадзін, можна схадзіць туды і назад. Часам да 5 гадзін, але гэта калі доўга хадзіць па крамах і выбіраць нешта. Гэта вельмі зручна і таму, што не трэба плаціць страхоўку. Чэргаў амаль няма, таму гэты спосаб вельмі хуткі і зручны. Прыемна пабываць за мяжой літаральна гадзіну.

Яцэк Геніюш – кіраўнік дарожнага мытнага аддзела ў Кузніцы:

–     Пешы памежны пераход – гэта адна з працэдур, якая была рэалізавана на польска-беларускай мяжы ў Кузніцы. Дзейнічае гэты пераход з 1 студзеня 2014 года. Можна перайсці праз яго пешшу, на ровары.

Каб паканаць пешаходны пераход у Кузніцы, трэба быць фізічна падрыхтаваным да добрага кавалаку дарогі. Затое ні з польскага, ні з беларускага боку няма ніякіх абмежаванняў датычна колькасці перакрочванняў мяжы ў дзень.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота padarozhnik.com