Песні Вайцюшкевіча і стужкі пра Белавежскую пушчу
Першая з трох запланаваных у Падляшскай гміне Нарва кіна-музычных вечарын прайшла ў мясцовым клубе ў вёсцы Лосінка.
Першая частка – дакументальныя стужкі пра Белавежскую пушчу такіх рэжысёраў, як, напрыклад, Ян Валенцік. Пасля прагляду з канцэртам выступіў Зміцер Вайцюшкевіч.
“Такая вечарына – нечаканасць для нас, жыхароў Лосінкі,” – кажа Яўген Дудзіч:
– Сэрцам перажываем усё гэта. Бо і Белавежская пушча, і песні Змітра Вайцюшкевіча блізкія нашаму сэрцу. Мне вельмі спадабалася, што ў нашай вёсцы адбылася такая імпрэза.
Чарговая сустрэча з фільмамі пра Белавежскую пушчу ды музыкай Зміцера Вайцюшкевіча ўжо сёння, 11-га лютага, ў Нарвянскім асяродку культуры ў Нарве. Пачатак а 17-й гадзіне. Трэцяя, апошняя вечарына, пройдзе ў нядзелю, 15-га лютага, ў Трасцянцы, таксама а 17-й гадзіне.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара