Песня „Муры” прагучала пад консульствам Рэспублікі Беларусь у Беластоку
Беларусаў у іх барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю падтрымаў кіраўнік Руху „Polska 2050”, экс-кандыдат у прэзідэнты краіны Шымон Галоўня. Яго заклік сабраў перад консульствам дзясяткі людзей, якія не пагаджаюцца з цяперашняй палітыкай кіраўніка Беларусі.
Падчас акцыі выступілі беларускія і польскія актывісты. Менавіта песня „Муры” зараз аб’ядноўвае беларусаў у змаганні за сваю свабоду, адзначыла Катажына Пэлчынска-Налэнч з руху „Polska 2050”:
– Зараз такі час, што мы свае праблемы мусім адкласці ўбок і салідарызавацца з беларусамі. Справа, за якую яны змагаюцца, ёсць важная для Беларусі, добрая для Польшчы і для Еўропы.
– Усё ў рытме нармальнай еўрапейскай палітыкі. Дзе нармальнай з’явай ёсць звычайныя чалавечыя свабоды: свабода сходаў, свабода слова, свабода праяўлення сваіх эмоцый, выказванняў. Таму яны да гэтага і заклікаюць. Яны заклікаюць аднавіць тое, чаго ў Беларусі сёння няма.
– Пасля выбараў 1994 года адзін дзед 1912 года нараджэння сказаў – паглядзіш, другі Сталін будзе. Я не дажыву, а вы пабачыце! Так яно і ёсць.
Падобная акцыя прайшла таксама ля пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток