Пілігрымка ў гонар Падляшскіх і Холмскіх пакутнікаў
„На нашых вачах нараджаецца традыцыя паломніцтва ў Шпакі і Зане”, – кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак.
Шпакі і Зане – гэта месцы пакутніцкай смерці, дзе загінулі больш за 30-ць цывільных жыхароў гэтых вёсак. Яны загінулі 2-га лютага 1946 года ў выніку дзеянняў аддзелу польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага”.
2-га лютага ў гэтыя месцы прыехалі паломнікі з усёй Беласточчыны:
– Адбываецца рэгулярнае паломніцтва і думаю, што гэты культ Падляшскіх і Холмскіх пакутнікаў ужо прыжыўся ды будзе развівацца.
– Мы павінны памятаць пра тую трагедыю, што ў нас рабілася, што яны з намі рабілі.
– Месца, дзе загінулі людзі, ушанаванае, але можа будуць і пілігрымкі.
74 гады таму, 2-га лютага 1946, аддзел „Бурага” спаліў 3 беларускія вёскі на Беласточчыне: Шпакі, Зане і Канцавізну. Раней, 31 студзеня, гэтыя ж аддзел закатаваў 31 вазака ў лесе каля Пухалаў Старых. 29 студзеня былі спаленыя Залешаны і Вулька Выганоўская. Агулам загінула больш за 80 цывільных жыхароў. Інстытут Нацыянальнай Памяці ў 2005 годзе кваліфікаваў дзеянні „Бурага”, як злачынства з прыкметамі генацыду.
Беларускае Радыё Рацыя