ПіС і Грамадзянская Кааліцыя прадставілі сваіх кандыдатаў у Падляшскім ваяводстве
У суботу, у Беластоку кіроўная ў Польшчы партыя Права і Справядлівасць і апазіцыйная Грамадзянская Кааліцыя прадставілі спісы сваіх кандыдатаў на выбары ў Сойм і Сенат у Падляшскім ваяводстве (выбарчая акруга нумар 24).
Першае месца ў спісе кандыдатаў у Сойм займае цяперашні міністр дзяржаўнай маёмасці – Яцэк Сасін. Ад Права і Справядлівасці ў Сойм балатуецца таксама прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці, дырэктар непублічнага прадшколля пры праваслаўнай школе святых Кірылы і Мяфодзія ў Беластоку – Люцыя Неміровіч. Яна кандыдуе з восьмага месца ў спісе ПіС.
У спісе кандыдатаў у Сойм ад Грамадзянскай Кааліцыі ў Падляшскім ваяводстве з першага месца балатуецца сын прэзідэнта горада Беластока, цяперашні дэпутат польскага Сойму Кшыштаф Трускаляскі. З трэцяга месца балатуецца дэпутат Роберт Тышкевіч.
У спісе Грамадзянскай Кааліцыі таксама знайшліся прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці. З сёмага месца стартуе шматгадовы дэпутат польскага Сойму Яўген Чыквін. З дзясятага намеснік прэзідэнта горада Беластоку Адам Мусюк, з адзінаццатага месца спісу Грамадзянскай Кааліцыі балатуецца бургамістр Бельска Падляшскага Яраслаў Бароўскі.
Парламенцкія выбары ў Польшчы адбудуцца ўжо 15 кастрычніка.