Польшча аднаўляе прымежныя чыгункі з шырокай каляінай
Да 2020 году адрамантуюць шырокую чыгуначную каляіну з Саколкі да беларускага памежнага перахода ў Брузгах, а таксама з Хрызанава – ў Свіслач. Гэта вынікае з Рэгіянальнага транспартнага плана для Падляшскага ваяводства. На рамонт чыгункі да Брузгоў ваяводства выдаткуе 245 мільёнаў злотых, а да Свіслачы – 25 мільёнаў. Паводле дырэктара Дэпартаменту інфраструктуры і транспарту Маршалкоўскай ўправы Лешка Люлевіча, інвестыцыя патрэбная, каб павялічыць аб’ёмы перавозкі тавараў да ўсходняй мяжы Польшчы:
– Патрэбна нам аднавіць шырокую каляіну. З увагі на тое, што сёння шмат гавораць пра “шаўковы шлях”, пра прыгранічную супрацу. Тая шырокая каляіна, якую сёння мы маем, знаходзіцца у вельмі кепскім стане, і патрабуе аднаўлення.
Рамонту патрабуюць 53 кіламетры шырокіх рэек. Гэтым зоймецца кампанія PKP Polskie Linie Kolejowe SA. Пасля рамонта цягнікі паедуць тут хутчэй. Таксама груз у кожным вагоне зможа быць цяжэйшым на 10 тонаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя