Лідары Польшчы, Украіны і краін Балтыі прынялі сумесную дэкларацыю (абноўлена)
У 230-ую гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая на пляцы Каралеўскага палаца ў Варшаве сустрэліся прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны: Анджэй Дуда, Гітанас Наўседа, Керсці Кальюлэйд, Эгілс Левіц і Уладзімір Зяленскі.
Падчас сваёй прамовы польскі лідар адзначыў, што мы як грамадзяне дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы памятаем, што нашыя лёсы звязаныя паміж сабою, разумеем, што толькі разам можам быць свабоднымі, жывучы ва ўласных сувярэнных дзяржавах, можам карыстацца свабодамі сучаснай дэмакратычнай Еўропы:
Пяцёра прэзідэнтаў падпісалі ў Варшаве супольную дэкларацыю да 230-ай гадавіны ўхвалення Канстытуцыі 3 мая. У дакуменце сярод іншага адзначаецца, што “…для нас усіх салідарнасць народаў, асабліва з увагі на цяперашнія пагрозы для нашай супольнай бяспекі, ёсць адным з галоўных фактараў міру, стабільнасці, развіцця, дабрабыту і ўстойлівасці. Перакананыя ў гэтым, мы будзем далей працягваць дыялог і супрацоўніцтва нашых дзяржаў”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: twitter.com/@prezydentpl
Польшча адзначае 230-ую гадавіну Канстытуцыі 3 мая.
Наватарская польская Канстытуцыя 1791 года адзначаецца гісторыкамі як адно з самых выбітных дасягненняў у гісторыі краіны. Гэты гістарычны дакумент стаў першай сучаснай канстытуцыяй у Еўропе і другой у свеце пасля амерыканскай канстытуцыі, якая была створана ў 1787 годзе. У Варшаве ўрачыстасці пачаліся з сумеснага польска-літоўскага пасяджэння дэпутатаў і сенатараў, падчас якога выступілі лідары краін Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа. Кажа прэзідэнт Польшчы:
– Канстытуцыя 3 мая – гэта адмысловы сімвал, якім выражаецца дух рэгіянальнай супольнасці Цэнтральнай Еўропы. Бо Рэч Паспалітая, польска-літоўскі саюз, была таксама домам для шмат іншых народаў і культур. Удалося нам на гэтым абшары стварыць правобраз Еўрапейскага звязу. Нягледзячы на некаторыя недасканаласці, гэта была шматнародная дзяржава-феномен. Дзяржава з грамадзянскімі свабодамі, дзяржава з першынствам права, дзяржава талерантнасці, што вельмі станоўча выдзяляецца на тле сучаснай Еўропы.
Сваю прамову літоўскі прэзідэнт завяршыў па-польску:
– Канстытуцыя 3 мая заклікае нас не толькі да развагаў пра патрыятызм, вольнасць і дэмакратычныя каштоўнасці. Але таксама да іх актыўнай абароны перад небяспекаю новых выклікаў. Ідзём далей разам, плячо ў плячо. Няхай нашы айчыны заўсёды будуць прыкладам для іншых народаў. За нашу і вашу вольнасць!
З нагоды 230-ай гадавіны Канстытуцыі 3 мая ў Варшаве сустрэнуцца прэзідэнты Польшчы, Літвы, але таксама Латвіі, Эстоніі ды Украіны. Па выніках сустрэчы яны прымуць супольную дэкларацыю.
Беларускае Радыё Рацыя