Польшча адзначае Дзень Незалежнасці



11 лістапада ў Польшчы адзначаецца Дзень Аднаўлення Незалежнасці. Гэта адно з важнейшых дзяржаўных святаў у краіне.

11 лістапада 1918 году было падпісанае Камп’енскае перамір’е, якое спыніла ваенныя дзеянні ў Першай сусветнай вайне. Канчатковыя вынікі вайны падвёў Версальскі мірны дагавор. Днём раней, 10 лістапада, у Варшаву прыбыў Юзэф Пілсудскі, які лічыцца бацькам польскай незалежнасці. А 11 лістапада Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства перадала ўладу менавіта яму. Пасля звыш ста гадоў Польшча ізноў вярнулася на карту Еўропы.

Сёлета святкаванні на ўрачыстым узроўні пачаліся ўжо 10 лістапада. Ля помніка Маршалку Юзэфу Пілсудскаму прайшла пераклічка загінуўшых.

Сёння па ўсёй Польшчы пройдуць урачыстасці з нагоды 105-годдзя аднаўлення незалежнасці. У Варшаве апоўдні на плошчы Пілсудскага запланаваныя галоўныя ўрачыстасці з нагоды Дня незалежнасці з удзелам прадстаўнікоў вышэйшай улады.

Беларускае Радыё Рацыя