Польшча будзе прымаць толькі сапраўдных уцекачоў
Польшча будзе прымаць толькі ўцекачоў, але не эканамічных мігрантаў. І іх будзе не вельмі многа. Пра гэта ў час тэлезвароту да грамадзян краіны заявіла прэм’ер-міністр Эва Копач. Яна прыгадала, што ў 90-ыя гады Польшча прыняла больш за 80 тысяч уцекачоў з Чачні і падкрэсліла, што цяпер іх будзе адназначна менш. Акрамя таго, Варшава будзе самастойна вырашаць пытанне, каго прыняць у сябе:
– Не можам мы рабіць выгляд, што нас гэта не датычыць. Мы з’яўляемся часткаю Еўропы, і дзякуючы гэтаму, мы маем большую бяспечнасць, а Польшча робіцца ўсё больш заможнай. Праводзім мы адпаведную палітыку ў Еўропе – з’яўляемся салідарнымі і дбаем пра ўласныя інтарэсы. Запэўніваю спадарства, што нашая гасціннасць будзе скіраваная да праўдзівых бежанцаў, да тых, хто з болем пакінуў свае дамы. У час ваеннай завірухі часта ратуюць толькі найбліжэйных. Польшча хоча дапамагчы. Але мусім самі вызначаць, каму мы тую дапамогу прадставім.
Прэм’ер-міністр звярнулася да ўсіх палітычных сілаў краіны з просьбай не выклікаць страх перад уцекачамі ў насельніцтва. У ліпені ўрад Польшчы сказаў, што гатовы прыняць дзве тысячы ўцекачоў. Еўракамісія прапанавала яшчэ дадаткова дзевяць тысяч, аднак Польшча выступае супраць вызначаных квот прыёму ўцекачоў.
У сераду, 23-га верасня, адбудзецца надзвычайны саміт Еўразвязу ў пытанні міграцыйнага крызісу, які ёсць самым вялікім пасля Другой сусветнай вайны.
Беларускае Радыё Рацыя