Польшча гатова фінансаваць вяртанне мігрантаў, калі будзе „добрая воля Лукашэнкі”
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў, што краіна гатова фінансаваць вяртанне на радзіму мігрантаў, якія захраслі каля беларуска-польскай мяжы. Але ў выпадку, калі на гэта будзе „добрая воля з боку Лукашэнкі”. Таксама Маравецкі лічыць, што Меркель садзейнічала легітымацыі рэжыму Лукашэнкі, калі патэлефанавала яму. Пра гэта палітык расказаў у інтэрв’ю агенцтву DPA.
Маравецкі раней заяўляў, што Польшча гатова садзейнічаць рэпатрыяцыі мігрантаў з Беларусі на радзіму. „Ці чакаеце вы, што іншыя краіны ЕС ці ўвесь Еўрапейскі Саюз таксама фінансава падтрымаюць рэпатрыяцыю?” – спытаў яго інтэрв’юер.
«Так. Думаю, гэта агульная справа, таму што мігранты не жадаюць спыняцца ў Польшчы, яны жадаюць з’ехаць у Нямеччыну і Нідэрланды. Але мы не хочам чакаць Еўрасаюза, – сказаў Маравецкі. – Калі будзе добрая воля з боку Лукашэнкі, мы неадкладна ўспрымем гэты пазітыўны сігнал і будзем супрацоўнічаць у фінансавай падтрымцы мігрантаў, якія вяртаюцца дадому ў Ірак і іншыя краіны. Гэта павінна быць сумеснае намаганне, але мы таксама можам дзейнічаць вельмі хутка і самастойна».
У Маравецкага таксама спыталі, ці лічыць ён добрай ідэяй званок Ангелы Меркель Аляксандру Лукашэнку.
«Еўрапейскі Саюз павінен далучыцца да пошуку дыпламатычнага рашэння. Але калі канцлер Меркель патэлефанавала Лукашэнку, яна спрыяла легітымацыі ягонага рэжыму, у той час як барацьба за свабодную Беларусь працягваецца ўжо 15 месяцаў. Лукашэнка таксама злоўжыў размовай з Ангелай Меркель. Ён заявіў, што Меркель пагадзілася перавезці 2000 мігрантаў па калідоры ў Германію ды іншыя еўрапейскія краіны. Гэта было няпраўдай», – нагадаў польскі палітык.