Польшча і Еўропа не павінны забываць пра Беларусь



Палепшыць сістэму выдачы польскіх візаў для беларусаў, актывізаваць двухбаковыя адносіны на лакальным узроўні, але і не забываць пра палітвязняў. Удзельнікі беларускага круглага сталу ў межах канферэнцыі „Польская ўсходняя палітыка” выпрацавалі свае рэкамендацыі для польскай дыпламатыі ў адносінах да Беларусі. У сённяшняй сітуацыі Польшча і Еўропа не павінны забываць пра Беларусь, адзначае мадэратар Анна Дынэр-Смігельска з Польскага інстытуту міжнародных спраў.

– Гэта можа падацца банальным, але ў сучаснай сітуацыі, калі вочы Еўропы на ўсходзе перадусім скіраваныя на на Украіну і Расею, трэба памніць, што Беларусь як краіна мае сваю адпаведную палітычную сістэму, з якой трэба або супрацоўнічаць, або праводзіць адмысловую палітыку, але нельга пра яе забываць.

Сярод рэкамендацый для Польскага МЗС удзельнікі беларускага круглага стала адзначылі, што варта выпрацаваць адназначную доўгатэрміновую палітыку падтрымкі праектаў, накіраваных на Беларусь, ды інтэнсіфікаваць двухбаковыя кантакты між прадстаўнікамі самакіравання, моладдзю і студэнтамі. Рэкамендацыі ўдзельнікаў канферэнцыі будуць накіраваныя ў польскі МЗС.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя