Польшча мае прыняць 11 тысяч мігрантаў



Еўрапейская Камісія ўжо афіцыйна запатрабавала, каб Польшча прыняла дадаткова яшчэ звыш 9 тысяч уцекачоў.  Разам з ранейшай еўразвязаўскай прапановай, агулам у Польшчу павінна прыехаць амаль 11,5 тысяч мігрантаў. Паводле новай прапановы Еўракамісіі, Польшча мае прыняць звыш тысячы ўцекачоў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Італіі, амаль 4 тысячы – з Грэцыі і звыш 4 тысяч – з Вугоршчыны.

Кіраўнік  Еўракамісіі Жан Клод Юнкер прадставіў сёння ў Еўрапарламенце ў Стразбургу план змагання з эміграцыйным крызісам. Ён прадугледжвае, каб ЕЗ прыняў яшчэ дадаткова  120 тысяч чалавек.

Паводле новага плана, Польшча мае стаць чацьвёртай краінай паводле колькасці прынятых уцекачоў з Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу. Найбольш мігрантаў прымуць Нямеччына, Францыя і Іспанія.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота kp.ua