Польшча можа ўвесці надзвычайнае становішча ў пагранічнай паласе (абноўлена)



Польскі ўрад звярнуўся да прэзідэнта Анджэя Дуда з просьбай пра ўвядзенне надзвычайнага становішча ў пагранічнай паласе.

Як паведаміў прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, такое становішча прапануецца ўвесці на 30 дзён на некаторых участках Падляшскага і Люблінскага ваяводстваў. Паводле прэм’ера, гэта дазволіць забяспечыць большую шчыльнасць граніцы і спыніць “правакацыі, якія ўзмацняюцца з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі”.

“Рэжым Лукашэнкі вырашыў з дапамогай перавозкі людзей, пераважна з Іраку, выпіхнуць іх на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі, каб увесці элемент дэстабілізацыі”, – зазначыў Маравецкі.

Надзвычайнае становішча можа быць уведзена ў 115 населеных пунктах на Падляшшы і ў 68-мі ў Люблінскім ваяводстве. А падстава – крызіс на польска-беларускай граніцы.

Як удакладніў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі, гаворка ідзе пра вузкую паласу мясцовасцяў, якія непасрэдна прылягаюць да граніцы, яе шырыня складае прыкладна тры кіламетры. Таму будуць дзейнічаць абмежаванні, якія прадугледжаны ўвядзеннем выключнага стану.

Надзвычайнае становішча ўвядуць адразу, калі адпаведнае распараджэнне падпіша прэзідэнт Дуда.

Беларускае Радыё Рацыя