Польшча можа ўзмацніць каронавірусныя абмежаванні
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў, што каронавірусныя абмежаванні ў краіне могуць узмацніць ужо на гэтым тыдні, паведамляе „Еўрапейская праўда”.
Нядзельскі паведаміў, што ўрад разглядае ўвядзенне новых абмежаванняў.
„Калі ўвесь арсенал прышчэпак вычарпаны, выкарыстоўваецца ўсё, што засталося пад рукой. Пад рукой застаюцца абмежаванні”, – сказаў ён. Паводле яго слоў, рашэнне можа быць прынятае ўжо ў сераду ці ў пятніцу.
„Тады мы будзем гаварыць пра школы, пра закрыццё гандлёвых цэнтраў, напрыклад, але я не хачу гэтага прадвызначаць”, – дадаў Нядзельскі.
Адам Нядзельскі паведаміў, што за апошнія 24 гадзіны ў Польшчы былі выяўленыя 6422 новыя інфікаванні каронавірусам.
„Мы пачалі год з прыростам захваральнасці на 10 працэнтаў, а ўчора – больш як на 25 працэнтаў. Гэта відавочны папераджальны сігнал”, – падкрэсліў ён.
У той жа час, паводле звестак СМІ, польскі ўрад пакуль не мае адназначнай падтрымкі ўзмацнення абмежаванняў.
Фота: news.tvs-24.com