Польшча на месяц падоўжыла кантроль на межах з краінамі ЕЗ
Польшча вырашыла падоўжыць памежны кантроль яшчэ на 30 дзён – да 12 чэрвеня гэтага года. Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі падпісаў адпаведныя папраўкі ў пастанову, паведамляе gov.pl.
Памежны кантроль на ўнутранай мяжы (з Германіяй, Літвой, Чэхіяй і Славакіяй) падаўжаецца на 30 дзён: з 14 траўня гэтага года – да 12 чэрвеня гэтага года. Як і раней, мяжа будзе перасякацца толькі ў пазначаных месцах. Праверкі таксама будуць працягвацца ў марскіх портах і аэрапортах.
Пастановай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі ад 13 сакавіка гэтага года часова адноўлены памежны кантроль асоб, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу. Гэтым распараджэннем Польшча падаўжае кантроль на 30 дзён – да 12 чэрвеня гэтага года.
Унутраная мяжа можа перасякацца ў 42 пазначаных месцах на сушы: з Чэхіяй – 18, са Славакіяй – 5, з Германіяй – 16, з Літвой – 3. Памежны кантроль ажыццяўляецца таксама ў 4 марскіх портах і 17 аэрапортах. Як і раней, памежны кантроль будзе ажыццяўляць памежная служба, дзейнасць якой падтрымліваюць міліцыянты, пажарныя і салдаты.
Фота gov.pl