Польшча не выключае закрыцця чарговага пагранпераходу з Беларуссю



“У выпадку абвастрэння сітуацыі нельга выключаць, што чарговыя памежныя пераходы з Беларуссю будуць закрыты”, – паведаміў у аўторак у эфіры польскага дзяржаўнага тэлебачання TVP1 віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Ён таксама выказаў надзею, што Польшчы не давядзецца выкарыстоўваць артыкул чацвёрты  Паўночнаатлантычнага альянсу. Паводле гэтага артыкула  дзяржавы-чальцы НАТА  будуць «весці супольныя кансультацыі кожны раз, калі, на думку любой з іх, тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай». Гэты артыкул выкарыстоўваўся некалькі разоў, у асноўным у выпадку ўзброеных канфліктаў, у тым ліку па ініцыятыве Турэччыны  падчас канфлікту з Сірыяй.

Міністр Пшыдач на пытанне журналістаў адносна ўчорашняй тэлефоннай размовы выконваючай абавязкі канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель з Аляксандрам Лукашэнкам адказаў:

«Што да ацэнкі гэтых перамоваў, я асабіста лічу, што гэтыя перамовы крыху заўчасныя — я кажу пра Меркель-Лукашэнку — і ў той жа час, калі ласка, памятайце, што пратакольны эквівалент канцлера — прэм’ер-міністр Беларусі. Не прэзідэнт. Прэзідэнт павінен размаўляць з прэзідэнтам, канцлер з прэм’ер-міністрам. На жаль, гэта можа быць выкарыстана Лукашэнкам у якасці легітымізуючага элементу”.

Адначасова, дадаў ён, што ў прэс-рэлізе  нямецкага ўраду ўтрымлівалася інфармацыя, што канцлер Нямеччыны размаўляла «са спадаром Лукашэнкам». «Яго не называюць прэзідэнтам, лідарам, гэта спадар Лукашэнка, і я думаю, што да яго будуць так ставіцца», — ацаніў Пшыдач.

Ён падкрэсліў, што Польшча была праінфармаваная аб намерах перамоваў з нямецкага боку, і ацаніў, што такія перамовы паміж еўрапейскімі лідарамі і Беларуссю ці Расіяй заўсёды выклікалі занепакоенасць. 

Паводле gazetaprawna.pl