Польшча пабудуе на мяжы з Беларуссю новую агароджу з новым абсталяваннем
Памежная служба Польшчы абвясціла тэндар на будаўніцтва агароджы з электроннымі сістэмамі сачэння на мяжы з Беларуссю на рацэ Буг. Пра гэта паведаміў польскі міністар унутраных спраў Марыюш Каміньскі.
Даўжыня агароджы мае быць 172 кіламетры, расказаў міністар. У агароджы будзе прыкладна 4500 камераў, цеплавізараў і датчыкаў руху. Польскія кампаніі могуць падаць заяўку на ўдзел да 22 верасня. Пераможцу маюць абвясціць да сярэдзіны лістапада, каб выбраны падрадчык мог пачаць будаўніцтва ўжо сёлета.
Як вядома, Польшча ўзводзіла 206-кіламетровую загароду ўздоўж мяжы з Беларуссю са студзеня мінулага году па чэрвень бягучага году. Гэта рэакцыя Варшавы на патокі мігрантаў, якія імкнуцца незаконна трапіць у краіны ЕЗ з беларускай тэрыторыі.
Беларускае Радыё Рацыя