Польшча пачала будаваць 5-метровы плот на мяжы з Беларуссю (абноўлена)



З’явілася відэа пачатку будаўніцтва плота на мяжы Польшчы і Беларусі. Як адзначаюць польскія памежнікі, у гісторыі іх службы гэта „найбуйнейшы будаўнічы праект”.

Польскі бок гатовы выдаткаваць на яго да 400 мільёнаў долараў. Жыхары памежнай зоны па польскім баку адзначаюць, што праз плот Падляшша страціць турыстычную самабытнасць. Гаворыць жыхарка вёскі, размешчанай ля Белавежскай пушчы, Людміла Жлобін:

-Як выходзіш за вёску, то праз поле відаць мяжу. Гэта будзе такое будаўніцтва, якое будзем назіраць штодзень. Ці гэта добра для пушчы? Неапэўна не. Бо пушча будзе падзеленая мяжою. Некаторыя віды жывёл могуць у пушчы проста вымерці.

Новая загарода з’явіцца на працягу 186 кіламетраў польска-беларускай мяжы. Вышыня плоту з калючым дротам зверху складзе 5,5 метра.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Польшча пачынае сёння, 25 студзеня, будаваць плот на мяжы з Беларуссю. Новая загарода з’явіцца на працягу 186 кіламетраў. Яе вышыня складзе 5,5 метра, паведамляе pap.pl.

Праект агароджы на мяжы з Беларуссю. Скрыншот з відэатрансляцыі

Падрыхтоўчыя працы ў памежнай зоне ўжо вяліся, а з 25 студзеня там пачнуць працаваць будаўнікі.

Плот мусіць быць пабудаваны да чэрвеня. На праект выдаткавана 160 млн даляраў. Яго патрэба з’явілася на фоне міграцыйнага крызісу, калі з Беларусі ў вялікай колькасці мяжу нелегальна спрабавалі пераходзіць мігранты.