Польшча пашырае дапамогу беларускім студэнтам і выкладчыкам
У Польшчы пашыраецца дапамога беларускім студэнтам, а таксама беларускім выкладчыкам і даследчыкам. Цікава, што многія ініцыятывы ствараюцца ў шэрагу ўніверсітэтаў і вышэйшых школаў за ўласны бюджэт, а не па дзяржаўных праграмах.
Гарадзенка, прафесарка, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава ведае гэта на ўласным досведзе:
– Са свайго боку я хачу сказаць, што польскія калегі – выкладчыкі і цэлыя навучальныя ўстановы вельмі актыўна падтрымліваюць беларускіх калег і студэнтаў і ўвогуле гэтыя адукацыйныя ініцыятывы. Я была ўражаная да слёз, шчыра кажучы, гэтай салідарнасцю калег з Польшчы. Я тут працую ўжо дванаццаты год і мае сябры – прафесары, самі са свайго буку стараюцца тут на месцах.
У сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі, шмат хто звольнены са сваіх пасадаў і навучальных устаноў, без магчымасці свабодна пашыраць інтэлектуальны і творчы абсяг у сваёй уласнай краіне. Сярод польскіх дзяржаўных праграмаў дзейнічаюць гэтак званыя „Праграма Каліноўскага – 1” – для студэнтаў, „Праграма Каліноўскага – 2” – для выкладчыкаў, „Праграма Каліноўскага – 3” – для пацярпелых фізічна ад міліцыі, адмысловых аддзелаў міліцыі і КДБ. У перспектыве – праца іншых навучальных устаноў шляхам аддаленага доступу.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя