Польшча плануе перакінуць вайскоўцаў на ўсходнюю мяжу
Польшча збіраецца перакінуць тысячы вайскоўцаў да сваёй усходняй мяжы. Як паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр абароны краіны Томаш Семоняк у інтэрв’ю Associated Press, гэта рашэнне звязана з украінскім крызісам.
„Геапалітычная сітуацыя змянілася, мы перажываем найбуйнейшы крызіс бяспекі з часоў халоднай вайны, і мы павінны рабіць з гэтага высновы”, – падкрэсліў ён.
Паводле Семоняка, цяпер колькасць вайскоўцаў, якія дыслакаваныя на базах каля ўсходняй мяжы Польшчы, дасягае 30%. Да 2017 года іх кантынгент будзе павялічаны да 90%.
Міністр абароны падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра якія-небудзь „нервовыя або радыкальныя крокі”. Паводле яго, у сітуацыі пагрозы Варшава хоча ўзмацніць бяспеку на ўсходзе краіны. На ўсходзе Польшча мяжуе з Беларуссю, Літвой і Украінай. На поўначы яна мяжуе з Калінінградскай вобласцю Расеі.
