Польшча прад’явіла абвінавачанні 422 „памочнікам” у нелегальнай міграцыі
Супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы сёлета прад’явілі абвінавачанні 422 „памочнікам” у нелегальнай міграцыі. Пра гэта, як піша „Еўрапейская праўда”, паведамляе агенцтва PAP.
Паведамляецца, што памежнікі абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства 422 чалавекі, якія садзейнічалі нелегальнай міграцыі. „Сярод гэтых людзей больш за ўсё было грамадзян Украіны – 91 чалавек, Грузіі – 56 і Сірыі – 55”, – паведаміла Памежная служба.
З пачатку года Памежная служба зафіксавала каля 40 тысяч спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы.
Як вядома, з 2 верасня Польшча ўвяла надзвычайнае становішча ў прыгранічных з Беларуссю раёнах і рыхтуецца будаваць на мяжы ў Падляшскім ваяводстве пастаянную агароджу вышынёй 5,5 метра і працягласцю 180 км.
Фота: pap.pl