Польшча прапануе ўзвесці плот на мяжы з Беларуссю
Міністр сельскай гаспадаркі Кшыштаф Юргель звяртае ўвагу еўрапейскіх уладаў на той факт, што барацьба з афрыканскай чумой свіней у Польшчы незвычайна цяжкая перш за ўсё з-за ўсходніх суседзяў. На яго думку, Расея, Украіна і Беларусь не змагаюцца з вірусам. Беларускія ўлады ўвогуле афіцыйна заяўляюць, што хваробы ў іх няма, паведамляе са спасылкай на greenfront.su Гродзенскі Зялёны партал.
У Украіны, у сваю чаргу, няма грошай, каб праводзіць маніторынг хваробы хаця б так, як у Польшчы. «Паколькі Польшча знаходзіцца на мяжы Еўразвяза, каб абараніць Еўропу ад наплыву гэтага віруса, патрэбна падтрымка і палітычныя крокі», – заявіў Юргель.
Па ўсім усходзе Польшчы пастаянна адстрэльваюць дзікоў. На бягучы момант адстрэлена больш за 10 000 асобін, аднак іх яшчэ нямала і яны з’яўляюцца носьбітамі віруса.
Польскія ўлады ўвесь час кажуць пра «імпарт АЧС» разам з дзікамі з Беларусі і ўжо звярталіся да Еўрапейскай камісіі з пытаннем аб будаўніцтве плота на 418 км уздоўж польска-беларускай мяжы, падаўшы заяўку аб суфінансаванні гэтага праекта Бруселем. Але пакуль, на думку еўрачыноўнікаў, такая мера не абгрунтавана і не прапарцыйная існуючай небяспецы.