Польшча працягвае абсталёўваць агароджу па лініі мяжы з Беларуссю
Памежная служба Польшчы працягвае абсталёўваць агароджу па лініі мяжы з Беларуссю. Саму фізічную загароду з металу ўзвялі больш за месяц таму. Цяпер вядуцца работы па ўсталёўцы электронных ахоўных сістэм і камер відэаназірання.
Калі ўсё гэта запрацуе, нават наблізіцца да мяжы незаўважаным стане немагчыма. А пакуль у польскім ведамстве расказалі, як яшчэ недароблены бар’ер ужо дапамагае памежнкам. Так, нягледзячы на пяціметровую агароджу, мігранты – пры дапамозе беларускіх службаў, падкрэсліваюць палякі – усё роўна спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу з Беларусі. Але іх стала нашмат менш.
„Сёлета фіксуем максімум 80 спробаў незаконнага перасячэння мяжы ў дзень, а ў другой палове мінулага года даходзіла да 800”, – паведамілі ў Памежнай службе.
Мігранты ўжо не збіраюцца вялікімі групамі і не штурмуюць мяжу сілай, а дзейнічаюць групамі па некалькі чалавек. Дзякуючы фізічнаму бар’еру спыніліся атакі на польскіх памежнікаў, кіданне камянёў, бутэлек, петард, асляпленне лазерамі.
За ліпень перасекчы польскую мяжу спрабавалі грамадзяне амаль сарака розных краін.