Польшча: колькасць інфікаваных каронавірусам расце



У Польшчы выяўлена шаснаццаць новых выпадкаў заражэння. На дадзены момант заражаных вірусам COVID-19 у Польшчы  сорак сем чалавек, паведамляе польскае Міністэрства аховы здароўя.  

«Мы чакалі такога прыросту, і будзе ўсё больш і больш заражаных. Магчыма, неўзабаве ў нас будзе ўжо сто чалавек, і, імаверна, праз тыдзень мы дасягнем такой жа колькасці інфікаваных людзей, як і ў іншых краінах, то бок, да тысячы, можа быць, крыху менш» – заявіў міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі.

На Падляшшы пакуль няма выяўленых выпадкаў заражэння каронавірусам. У сувязі з пагрозай эпідэміі з сённяшняга дня ў Польшчы не працуюць усе адукацыйныя і культурніцкія ўстановы. На ўсіх знешніх межах краіны ўведзены санітарны кантроль.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvn24.pl